У рамках фестывалю праваслаўнай культуры

У сераду на Кіраўскую зямлю прыбыла ікона з часцінкай мошчаў святога мучаніка дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага. Яму моляцца аб здароўі і дабрабыце дзяцей. Ікону з выявай святога хрэсным ходам даставілі ад Кіраўскай Свята-Пакроўскай царквы ў раённы Дом культуры, дзе адбылося адкрыццё выставы-кірмашу, якая праводзіцца ў рамках фестывалю праваслаўнай культуры “Кладезь”.
Такі фестываль ужо праходзіў у Кіраўску ў мінулым годзе. Ён наладжваецца па блаславенні Епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма пры падтрымцы Кіраўскага раённага выканаўчага камітэта.
Адкрыццё выставы-кірмашу пачалося з малебна перад іконай на пачатак добрай справы. Затым арганізатараў, удзельнікаў і гасцей вітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама А.Л.Карпук.
У межах фестывалю на двух паверхах Дома культуры разгорнута праваслаўная выстава-кірмаш. Яе ўдзельнікі — служачыя Кіраўскай Свята-Пакроўскай царквы, манастыра ў гонар святой прападобнамучаніцы Вялікай княгіні Елісаветы (г.Мінск), сястрынства ў гонар святога Іаанна Багаслова (г.Навагрудак), царквы ў гонар іконы Божай Маці “Неўпіваемая чаша” (г.Мінск).
Яны прапануюць кіраўчанам і гасцям райцэнтра пазнаёміцца з фотавыставамі “Вайна і царква ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 г.г.” (з фонду музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны г.Мінска), “Жыццё манастыра”, “Храмы і манастыры Беларусі”, выставай-продажам вырабаў, зробленых рукамі людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Акрамя гэтага прадстаўлены шырокі выбар ікон і царкоўных рэчаў, праваслаўнай літаратуры, аўдыё- і відэадыскаў, а таксама манастырскі хлеб, выпечаны па старадаўніх і сучасных рэцэптах, мёд, травы, бальзамы.
Для маленькіх наведвальнікаў наладжваюцца прадстаўленні лялечнага тэатра “Батлейка”, гульні і конкурсы, кінапаказы.
Працаваць выстава-кірмаш будзе да 13 лютага, з 10.00 да 19.00 гадзін.
У межах фестывалю яго арганізатары праводзяць сустрэчы-гутаркі, “круглыя” сталы ў працоўных і вучнёўскіх калектывах раёна.
Сёння на сцэне раённага Дома культуры адбудзецца канцэртная праграма “Захоўвай сваё сэрца” з духоўнай, класічнай і народнай музыкай.
Дзякуючы арганізатарам фестывалю права-слаўнай культуры ў жыхароў раёна ёсць выдатная магчымасць часцінкай сэрца і душы стаць бліжэй да светлага, супакойнага і прыміранага свету веры ў Бога, прыкласціся да мошчаў святога ўгодніка Божага дзіцяці Гаўрыіла Беластоцкага, набыць карысныя для сябе рэчы.
Не ўпусціце гэтую магчымасць!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.