Украінскі ваяж

Пашыраюцца сяброўскія спартыўныя сувязі Кіраўшчыны з рэгіёнамі прыгранічных Беларусі краін. У пачатку новага года валейбалісткі ДЮСШ «навялі масты» з брацкай Украінай. У Белай Царкве, буйнейшым пасля сталіцы горадзе Кіеўскай вобласці, прайшоў прадстаўнічы міжнародны турнір дзявочых каманд па дзвюх узроставых групах (па 9 каманд у кожнай). Мы былі адзінымі прадстаўнікамі Беларусі і прадэманстравалі дастойны ўзровень гульні. Гатоўнасць з намі супрацоўнічаць, абменьвацца вопытам, прымаць у сябе на турнірах і прыязджаць да нас праявілі прадстаўнікі шэрагу валейбольных школ буйнейшых гарадоў суседняй краіны.
Праграма турніру была насычана не толькі гульнявымі сустрэчамі. Экскурсія па горадзе, маладзёжная дыскатэка для юных спартсменак, нефармальныя сяброўскія спартыўна-палітычныя зносіны для трэнерскага корпуса…
Украінцы беражліва ставяцца да сваіх традыцый і мовы, крытыкуюць палітыкаў, па-добраму зайздросцяць беларускай стабільнасці і нашаму ўзроўню жыцця, бо ў адрозненне ад нас многія прыехалі на турнір за бацькоўскія грошы.
У першы дзень турніру нашы дзяўчаты не змаглі адапціравацца да новых умоў і ўступілі саперніцам у роўнай барацьбе. Каманда старэйшых дзяўчат прайграла валейбалісткам Жытомірскай вобласці і мясцовай ДЮСШ «Юнацтва», згубіўшы шанцы на прызавыя месцы. Малодшая каманда прайграла мясцовым «Спартліцэю» і «Юнацтву», але выйграла ў Днепрапятроўска.
Вынік прыйшоў у наступныя дні. Малодшыя дзяўчынкі, дзе саліравалі Надзея Каванская, Ганна Слабукова, перайгралі каманды Хмяльніцкай вобласці, Данецка, Данецка-2, Запарожжа, ДЮСШ №2 Белай Царквы і выйгралі сярэбраныя медалі. Старэйшыя дзяўчаты, дзе гульнёй вызначыліся Кацярына Сушко і Дар”я Аўдзеева, выйгралі ў каманд з Кіева, Жытоміра, Данецкай вобласці, прайгралі прадстаўніцам Запарожжа і занялі дастойнае 6-е месца.
Пераможцамі ў двух узростах сталі каманды мясцовага «Спарт-ліцэя», якіх мы чакаем сёлета на свой традыцыйны турнір.
Віктар ГАЛОМЗІК, дырэктар ДЮСШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.