Хвалі ад цыклону “Нікалас” дакаціліся і да Кіраўшчыны

Надвор’е, час ад часу дэманструючы свае капрызы, падносіць нам непрыемныя сюрпрызы. На памяці жыхароў раёна — буянства стыхіі ў леташнім ліпені. Пачакаўшы паўгода, прырода зноў нагадала аб сваіх магчымасцях.
Весткі аб дзеяннях разбушаваўшагася цыклону “Нікалас” пранесліся па ўсёй рэспубліцы. І не толькі весткі. Ураганны вецер, выкліканы цыклонам, абясточыў каля паўтары тысячы населеных пунктаў Беларусі, у Магілёўскай вобласці — 186.
Хвалі ад цыклону “Нікалас” дакаціліся і да Кіраўшчыны. У ноч з 8 на 9 лютага на тэрыторыі нашага раёна, як і ўсёй рэспублікі, было аб’яўлена штармавое папярэджванне. Як аказалася, не дарэмна.
Парывы ветру дасягалі да 20 м/сек., а месцамі — і да 29 м/сек. Стыхія пагаспадарыла на тэрыторыі ўсяго раёна. Па інфармацыі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, у выніку моцных парываў ветру пацярпелі 6 сельскагаспадарчых арганізацый раёна, 3 вытворчыя прадпрыемствы, аб’екты 4-х іншых арганізацый. У асноўным пашкоджаны дахі будынкаў розных прызначэнняў.
Пазносіла дах з дзевяці домаўладанняў грамадзян. З аднаго дома вецер сарваў нават сайдынгавую абшыўку.
Дзевяць населеных пунктаў раёна часткова былі абясточаны. Электразабеспячэнне было адноўлена.
Зараз на ўсіх пацярпеўшых ад цыклону “Нікалас” аб’ектах праводзяцца аднаўленчыя работы.
На шчасце, людскіх ахвяр няма.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.