Як здаць аналіз на гармоны і без праблем узяць талоны?

У ходзе чарговай “прамой тэлефоннай лініі”, праводзімай на базе рэдакцыі сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама, тэмай размовы з жыхарамі раёна было медыцынскае абслугоўванне, а на пытанні тэлефанаваўшых адказвалі: галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы А.А.Круцько, загадчык цэнтральнай раённай аптэкі №82 Магілёўскага гандлёва-вытворчага РУП “Фармацыя” З.В.Цмыг, загадчык аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі У.Ф.Верам’ёў.
Два аналагічныя пажаданні прагучалі ад жыхароў а/г Мышкавічы: нядаўна дыягнастычнай станцыяй з Магілёва праводзілася абследаванне шчытападобнай залозы, няхай бы хоць раз у год прыязджала і лабараторыя, каб здаць аналіз на гармоны; у аграгарадку ёсць стаматалагічны кабінет, аснашчаны належным абсталяваннем, няма толькі ўрача — добра было б аднавіць яго работу.
А.А.Круцько растлумачыла, што работу перасовачнай дыягнастычнай станцыі па дыягностыцы шчытападобнай залозы арганізуе абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа. (Як у тэлефоннай размове паведаміла старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа А.А. Хрысталюбава, даследаванне крыві на гармоны праводзіцца толькі ў стацыянарных умовах, згодна адпаведных патрабаванняў: умовы перасовачнай станцыі не дазваляюць рабіць такі аналіз).
Рэдакцыя звязалася з загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення райпаліклінікі І.М.Карніцкай, якая праінфармавала, што забор крыві для даследавання на гармоны шчытападобнай залозы з нядаўняга часу праводзіцца ў нашай паліклініцы кожную трэцюю сераду месяца — першачаргова ў грамадзян ільготных катэгорый: інвалідаў I, II груп, інвалідаў вайны, дзяцей-інвалідаў і дзяцей да 18 гадоў, асоб, якія аперыраваліся з прычыны раку шчытападобнай залозы. Што-дзённа з 8.00 да 10.00 гадзін (акрамя суботы і нядзелі) забор крыві для даследавання на гармоны шчытападобнай залозы праводзіцца ў Бабруйску ў бальніцы БШК, працэдура гэтая платная — ад 8 да 10 тысяч рублёў, у нашай паліклініцы выдаецца накіраванне (падрабязную інфармацыю можна атрымаць у рэгістратуры паліклінікі ці ва ўрача-эндакрынолага). Даследаванне крыві на гармоны шчытападобнай залозы на платнай аснове ажыццяўляюць таксама многія паліклінікі, медыцынскія цэнтры г.Бабруйска.
Па другім пытанні-пажаданні галоўны ўрач адзначыла, што згодна табеля аснашчэння, на ФАПах не прадугледжаны стаматалагічны кабінет. Да таго ж Мышкавічы знаходзяцца ў рысе раённай бальніцы, а ў ёй маецца добра аснашчанае стаматалагічнае аддзяленне, пры лячэнні зубоў прымяняюцца сучасныя тэхналогіі, якасныя матэрыялы, абсталяванне ж на Мышкавіцкім ФАПе маральна састарэлае і не адпавядае сённяшнім патрабаванням.
І яшчэ адно пытанне ад жыхароў Мышкавіч:
— У раённай паліклініцы няма ўрача-афтальмолага. Калі прыязджаеш на прыём у Бабруйск, адмаўляюцца мераць вочны ціск. Раней у нашу раённую паліклініку прыязджаў урач з Бабруйска, ці будзе гэтак жа сёлета і як даведацца, калі канкрэтна ён праводзіць прыём?

А.А.Круцько адзначыла, што ўрач-афтальмолаг будзе прыязджаць з Бабруйска адзін раз у месяц: інфармацыя аб гэтым будзе даводзіцца да насельніцтва праз ФАПы, раённую газету “Кіравец”. А вочны ціск у любы дзень можа вымераць медсястра ў кабінеце афтальмолага раённай паліклінікі.
— Неабходна навесці парадак з выпіскай у рэгістратуры райпаліклінікі талонаў да ўрачоў, а то, бывае, здараецца блытаніна. Так, я загадзя зарэгістравала талон для брата М.У.Кеда да ўрача Н.М.Шэпетавай на 9.20 гадзін. Брат папрасіўся з работы, прыехаў, а талона чамусьці няма, хаця ў журнале ёсць запіс. Яму прапанавалі талон на іншы, больш позні час, а ён не меў магчымасці чакаць, бо трэба было ехаць на працу.
А.А.Круцько запэўніла жанчыну, што разбярэцца па гэтаму выпадку.
Як пазней рэдакцыю праінфармавала кіраўніцтва раённай бальніцы, у ходзе праверкі, праведзенай па ўказанаму факту нявыдачы талона высветлілася, што М.У. Кед спазніўся на прыём да ўрача і прыйшоў пазней указанага ў талоне часу, таму яму быў прапанаваны талон на больш позні час.
Карыстаючыся выпадкам, кіраўніцтва райбальніцы звяртаецца да жыхароў раёна з просьбай прыбываць на прыём да ўрача загадзя, мінут за 10 да вызначанага часу, каб паспець узяць у рэгістратуры талон і трапіць да ўрача своечасова.
А ў вогуле пацыентам па любых спрэчных пытаннях трэба звяртацца да загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення райпаліклінікі І.М.Карніцкай, або намесніка галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце І.М.Палякова, або намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Ж.В.Афонькінай, ці да галоўнага ўрача: праблемныя пытанні можна вырашыць адразу на месцы. Уся неабходная інфармацыя размешчана на стэндзе ў паліклініцы, на які наведвальнікам трэба звяртаць увагу.
— Чуў, што ў паліклініцы зараз працуе мужчынскі назіральны кабінет: з якімі праблемамі туды можна звяртацца?
— Тут правядуць агляд на прадмет анкалогіі, — праінфармавала А.А. Круцько. — У мужчын нямала праблем з прастатай, тут праводзіцца яе агляд, пацыенты могуць атрымаць кансультацыю, куды звярнуцца для лячэння. Праводзіцца агляд скуры, шчытападобнай залозы, лімфавузлоў.
— На канец гэтага месяца — пачатак наступнага прагназуецца эпідэмія грыпу. Ці ўсё ёсць у раённай аптэцы, каб сустрэць вірус у поўным “узбраенні” і пераадолець яго?
З.В.Цмыг адзначыла, што ў наяўнасці маюцца ўсе супрацьгрыпозныя прэпараты: “Арпетол”, “Рэмантадын”, інтэрфероны і г.д. Ёсць таксама аксалінавая мазь, сімптапатычныя, імунныя прэпараты. Хапае і марлевых павязак, у тым ліку аднаразовых.
На “прамой лініі” дзяжурыла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.