З нявестай на руках

Было за правіла калісьці ,
Што ў бацькоўскі дом жаніх
Цераз парог нявесту несці
Павінен на руках сваіх.
Бо, не дай Бог, яна абцасам
Парог зачэпіць незнарок —
Жыццё азмрочыцца іх з часам,
І не крыўдуй на лёс, браток.
Вяселляў я згуляў нямала
(На іх звычайным госцем быў),
Ды штосьці ў памяць не запала,
Каб так дзяўчыну хто насіў.
Цяпер у нас другая звычка:
Што для картэжу сотня вёрст?
Гудуць клаксоны гучна-зычна,
Сваты шукаюць доўгі мост.
Жаніх, прасветлены ў намерах,
Сагнуўшыся,бадай, у крук,
Нявесту цягне на той бераг,
Не адчувае ўласных рук.
Па мосце шлэпаць не так проста:
Нявеста грузная вагой.
Але ж не скінеш яе моста —
Вось дзе намучыцца ён з ёй!
Напаўсаўгнутыя калені,
Язык, як кажуць, на плячах.
Цярпі-цярпі…
Яшчэ імгненне!..
Адчай у стомленых вачах.
І потым, за сталом з сябрамі,
Так рукі беднага трымцяць,
Што ён не можа разам з намі
Кілішак лёгенькі падняць.
…На гэтай вось вясельнай хвалі
Кажу я колькі шчырых слоў:
Хачу, каб звычкі паважалі,
Ды шанавалі жаніхоў!
Анатоль ТАМАШЭЎСКІ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.