З подыума — у армію…

У гэтыя студзеньскія дні вельмі радасна на душы ў кіраўчаніна Васіля Каляснёва: за прыкладныя паводзіны, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці 103-й мабільнай брыгады сіл спецыяльных аперацый, дзе ён служыць, яму прадастаўлены кароткатэрміновы 10-дзённы адпачынак. Гэта — выдатны падарунак і яго бацькам: Івану Іванавічу і Надзеі Васільеўне, якія па праву ганарацца сваім малодшым сынам.
Да службы ў арміі Васіль паспяхова закончыў Жыліцкі сельгаскаледж, потым — Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Атрымаў прафесію агранома-агароднінавода са спецыялізацыяй “дэкаратыўнае кветкаводства”. Юнак з дзяцінства меў цягу да зямлі, вельмі любіў працаваць на агародзе: садзіць і даглядаць за пасевамі. Калі падрос — разам са старэйшым братам Андрэем стаў дапамагаць на палетку, які ўзяў у арэнду яго бацька-фермер.
Яшчэ будучы студэнтам, Васіль паспяхова спалучаў вучобу і работу агранома-кветкавода ў прыватнай фірме “Андрусерагра” ў г.Дзяржынску, якая займаецца вырошчваннем руж па галандскай тэхналогіі. На гэту пасаду, улічваючы стараннасць, адказнасць, добрасумленнасць у выкананні даручаных заданняў, Каляснёва парэкамендавала кіраўніцтва вышэйшай навучальнай установы.
Аб творчых захапленнях юнака сведчыць той факт, што ён дэманстраваў на подыуме мужчынскія касцюмы Гомельскай фабрыкі “Камінтэрн”. Васіль таксама атрымаў запрашэнне для дэманстрацыі адзення ад вядомага расійскага мадэльера Славы Зайцава. Паступалі яму і іншыя цікавыя прапановы наконт далейшай дзейнасці.Толькі Васіль аддаў перавагу службе ў арміі, бо ўпэўнены, што кожны малады чалавек павінен зведаць армейскага жыцця, атрымаць адпаведную загартоўку і, самае галоўнае, прайсці неабходную падрыхтоўку, каб у патрэбны момант належным чынам стаць на абарону Айчыны.
Пры размове з нашым земляком мы яшчэ раз пераканаліся, што бяспека нашай Радзімы — у надзейных руках: побач з ім нясуць службу такія ж фізічна загартаваныя, высокаадукаваныя хлопцы. Дарэчы, як адзначыў Васіль, толькі сёлета ў іх мабільнай брыгадзе служаць 82 юнакі, якія маюць вышэйшую адукацыю. Летась такіх было 64, пазалетась — 50.
Старшы наводчык зенітнай устаноўкі Васіль Каляснёў — гонар не толькі таго падраздзялення, дзе ён служыць, але і ўсяго Кіраўскага раёна. Выхаваны, пунктуальны, тактычны малады чалавек з’яўляецца прыкладам для юнакоў, а для сваіх любімых мамы і таты ён заўсёды будзе надзейнай апорай у жыцці.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.