Зімовая спартакіяда

Для аматараў актыўнага адпачынку зімовая спартакіяда, якая наладжваецца раённым фізкультурна-спартыўным клубам — выдатная магчымасць з карысцю правесці вольны час, назапасіць энергіі і бадзёрасці.
Старт спартакіядзе, у якой запрасілі прыняць удзел жыхароў сельскіх населеных пунктаў і аграгарадкоў, быў дадзены на базе Баравіцкага сельсавета. Спартсмены-аматары — зборныя каманды Любоніцкага, Стайкаўскага, Скрыпліцкага, Баравіцкага і Мышкавіцкага сельсаветаў спрачаліся за званне лепшых у двух відах спаборніцтваў: стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і лыжных гонках.
Лепшымі снайперамі сталі прадстаўнікі Мышкавіцкага сельсавета — муж і жонка Яўген і Вольга Пішчаліны. Вольга выбіла 29 ачкоў з 50-ці магчымых, а яе муж крыху больш — 30.
На другім месцы сярод жанчын — Іна Заблоцкая з каманды Любоніцкага сельсавета. У яе, як і ў Пішчалінай 29 ачкоў, аднак Вольга здолела трапіць у “дзесятачку”.
Трэцюю прыстыпку п’едэсталу гонару заняла яшчэ адна прадстаўніца Любоніцкага сельсавета Ганна Кулеш (21 ачко).
Сярод мужчын на другім і трэцім месцах — Васіль Бяляўскі з Мышкавіцкага сельсавета (27 ачкоў) і Кірыл Стэльмакоў з Баравіцкага сельсавета (25 ачкоў).
Далей удзельнікам спартакіяды было прапанавана выйсці на лыжню: жанчынам — на дыстанцыю 1 км, моцнай палове чалавецтва — на 3 км.
Мясцовая лыжная траса найбольш паспяхова пакарылася Надзеі Заварніцынай і Аляксандру Ермалаеву з каманды Скрыпліцкага сельсавета (ва ўзроставай катэгорыі 18 — 29 год), Алене Дрозд і Андрэю Бяляўскаму з каманды Мышкавіцкага сельсавета (ва ўзроставай катэгорыі 30 — 44 гады). А сярод бегуноў ва ўзросце старэй за 45 год лідарамі стала зноў-такі сямейная пара з Мышкавіцкага сельсавета — Таццяна і Юрый Цішковы.
Другія і трэція месцы ва ўзроставай катэгорыі 18 — 29 год занялі Вольга Пішчаліна, Ганна Кулеш, Андрэй Бранівец са Скрыпліцкага сельсавета, Яўген Пішчалін. Ва ўзроставай катэгорыі — 30 — 44 гады Ганна Пуцята і Раіса Старавойтава са Стайкаўскага сельсавета.
Акрамя цудоўнага настрою і карысці для здароўя лідары спартакіяды атрымалі дыпломы і прэміі за першыя месцы.
Кіраўнік фізкультурна-спартыўнага клуба М.Я.Уніятаў паведаміў, што другую частку спартакіяды, у якую ўвойдуць спаборніцтвы па гімнастыцы і камандным перацягванні каната, плануецца правесці 19 лютага. А 12 лютага і 5 сакавіка жыхарам сельскіх населеных пунктаў прапануецца сустрэцца на валейбольнай пляцоўцы Любоніцкай СШ, дзе будзе разыгрывацца пераходны кубак па валейболе.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.