Гонар і слава руплівым рукам!

У мінулую пятніцу ў раённым Доме культуры адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны падвядзенню вынікаў работы галін народнай гаспадаркі раёна за 2010 год.
Гэта свята ў гонар добрасумленных працаўнікоў, чые руплівыя рукі вырошчваюць хлеб, будуюць жыллё, рамантуюць дарогі, забяспечваюць цеплыню і ўтульнасць у дамах, клапоцяцца аб нашым здароўі, выхоўваюць падрастаючае пакаленне, арганізоўваюць вольны час…
На здымку: У.У.Піскіжаў уручае Ганаровы пераходны сцяг райвыканкама начальніку ДРБУ-197 В.М.Філіпцу за першае месца ў галіне будаўніцтва.

Перад пачаткам урачыстасцей у фае Дома культуры працавала выстава прадукцыі прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак раёна, а таксама прэзентаваліся паслугі раённых вузлоў электрычнай і паштовай сувязі, ААТ “Белаграпрамбанк” і інш. Жадаючыя мелі магчымасць пачаставацца прысмакамі і выпечкай з шыкоўна накрытых сталоў, падзівіцца арыгінальным афармленнем страў, пакаштаваць гарачай юшкі.
Пары з задавальненнем кружыліся ў танцах пад мелодыі ў выкананні духавога аркестра і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Баравіцкага СДК.
Для ўдзелу ва ўрачыстасцях усе былі запрошаны ў глядзельную залу.
Святочным караваем ад працаўнікоў Кіраўшчыны дзяўчыны ў беларускіх нацыянальных касцюмах віталі старшыню райвыканкама У.У.Піскіжава.
У сваім выступленні, падчас якога на ўстаноўленым экране дэманстраваліся адпаведныя слайды, кіраўнік раёна адрасаваў словы шчырай удзячнасці лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў. Далей У.У.Піскіжаў адзначыў: “Агульнымі намаганнямі мы шмат зрабілі ў мінулым годзе, які быў для нас напружаным і разам з тым рэзультатыўным практычна ва ўсіх галінах. Бягучы год з’яўляецца стартам новай пяцігодкі і закліканы даць новы імпульс для развіцця як краіны, так і нашага раёна. Калі на папярэдніх этапах развіцця галоўным было адраджэнне і захаванне эканамічнага патэнцыялу, то зараз перад намі стаіць больш маштабная задача — зрабіць рашучы рывок ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Асноўнай рухаючай сілай для нас павінны стаць тры “І”: ініцыятыва, інвестыцыі, інавацыі. Зараз ад прадстаўнікоў любой прафесіі патрабуецца быць не проста выканаўцамі, дзейнічаючымі па шаблону, а сапраўднымі гаспадарамі, творчымі і энергічнымі людзьмі”.
Старшыня райвыканкама пажадаў, каб бягучы год стаў годам новых дасягненняў і перамог і выказаў упэўненасць у тым, што мы і надалей будзем жыць і працаваць так, каб нашы дзеці і ўнукі з гонарам гаварылі, што яны нарадзіліся, выраслі і жывуць на багатай і гасціннай кіраўскай зямлі.
Падзяліць з кіраўчанамі святочны настрой на ўрачыстасці завіталі госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Ц. Глаз, начальнік упраўлення антыманапольнай і цэнавай палітыкі Магілёўскага аблвыканкама, наш зямляк А.С.Сцяпанчанка, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК П.П.Грыбаноўскі, а таксама дэлегацыі Глускага, Клічаўскага, Асіповіцкага, Бабруйскага раёнаў і г.Бабруйска, прадстаўніцтва РДУП “Магілёўаблнафтапрадукт”, настаяцель Кіраўскай Свята-Пакроўскай царквы іерэй Дзмітрый Первій.
Ганаровымі граматамі Магілёўскага аблвыканкама за плённую добрасумленную працу, дасягнутыя высокія рэзультаты ў рабоце, значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна былі ўзнагароджаны загадчык рэнтгеналагічнага кабінета райбальніцы А.П.Жук і дырэктар ПГВУП “Майстаргандальаб’ект” В.П.Сівакоў; за работу па прапагандзе ідэй інтэрнацыяналізму і патрыятызму сярод навучэнцкай моладзі, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна — вартаўнік Паўлавіцкай СШ, былы воін-інтэрнацыяналіст У.В. Ляскоў; дыпломамі трэцяй ступені за дасягненне лепшых паказчыкаў у павелічэнні ўраджайнасці, вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа — старшы камбайнер А.С.Міхалькоў і камбайнер І.В.Лучына з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Дыплом аблвыканкама быў уручаны дырэктару Мышкавіцкага СДК К.А.Кіпрыянавай — установа культуры прызнана пераможцай у спаборніцтве сярод арганізацый культуры за найлепшую арганізацыю работы па захаванні і развіцці культуры вобласці за 2010 год.
Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшую работу па стварэнні умоў працы і вытворчага быту сярод арганізацый абслугоўвання і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння АПК дыплом першай ступені абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК атрымала РАПТЗ, узнагарода была ўручана дырэктару А.І.Гіраеўскаму. Ганаровымі граматамі абкама прафсаюза работнікаў АПК за актыўную добрасумленную працу, дасягненне высокіх рэзультатаў былі ўзнагароджаны аператар машыннага даення СВК “Калгас “Ніва” А.У.Мялешкіна і дырэктар Жыліцкага сельгаскаледжа У.У.Белы; дыпломамі — брыгадзір комплекснай будаўнічай брыгады №1 ААТ “Кіраўсквадгас” П.П.Багамолаў, брыгадзір брыгады муляраў ПМК-255 У.Р. Пархамовіч, трактарыст-машыніст РАПТЗ У.Д.Комар, трактарыст-машыніст СВК “Калгас “Беларусь” М.В.Бялянаў. Начальніку аддзела ідэалагічнай работы СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага Я.П.Пішчаліну і старшыні прафкама райветстанцыі В.М.Хабровай была аб’яўлена ўдзячнасць.
Падчас урачыстасцей ушанавалі кіраўнікоў раёна мінулых гадоў — В.А. Герасімовіча і Л.А.Карпука, поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы Л.Н.Палевіч.
Пасля прывітанняў і віншаванняў адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва і лепшых па прафесіі.
Старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК В.П.Ставерам быў адзначаны шэраг кіраўнікоў, спецыялістаў і работнікаў арганізацый АПК.
Вынікі спаборніцтва сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.А.Каранкевіч.
Сёлета ўрачысты сход супаў з прафесійным святам “людзей у пагонах” — Днём міліцыі. Супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў прымалі віншаванні ад выступаючых.
Ну, і, вядома ж, напярэдадні 8 Сакавіка не былі абыдзены ўвагай прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. На працягу ўсёй святочнай праграмы ў адрас прыстуных у зале жанчын гучалі словы ўдзячнасці і шчырыя пажаданні.
Святочны настрой стваралі арыгінальныя канцэртныя нумары работнікаў раённага Дома культуры, дзіцячых школ мастацтваў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці з Мышкавіч, Жыліч, народнага ансамбля песні “Мілавіца”, узорнага харэаграфічнага ансамбля «Паскакушкі» і іншых.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.