Каб правесці сяўбу якасна, у аптымальныя тэрміны

Вясна ўсё больш упэўнена ўступае ў свае правы, і зусім нямнога часу засталося да таго, як будзе дадзены старт веснавой сяўбе. Аб ходзе падрыхтоўкі сельгасарганізацый раёна да адказнага перыяду веснавых палявых работ, а таксама аб мерах па стварэнні трывалай кармавой базы і ўборцы ўраджаю ў 2011 годзе ішла размова на выязным пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося 16 сакавіка на базе СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. На прыкладзе самай буйной у раёне гаспадаркі былі разгледжаны пытанні рамонту і пастаноўкі на лінейку гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі, забяспечанасці насенным пасяўным матэрыялам, угнаеннямі, стварэння належных умоў для працы і адпачынку механізатараў і іншыя.
Удзел у рабоце выязнога пасяджэння прыняла начальнік галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Р.Ф.Лычкоўская.

Як адзначыў старшыня райвыканкама У.У.Піскіжаў, задачы на 2011 год перад хлебаробамі раёна стаяць вельмі сур’ёзныя: атрымаць 79 тыс. тон збожжа ў амбарнай вазе (з улікам атрыманага насельніцтвам), што на 20 тыс. тон больш, чым летась. Прычым пасяўныя плошчы застаюцца практычна тыя ж. Таму так важна захаваць тэхналагічныя патрабаванні на ўсім ланцугу падрыхтоўчых работ, сяўбы і вырошчвання збожжавых культур.
У тым, што менавіта на гэта нацэлены аграрыі раёна, пераканала далейшае скрупулёзнае і дзелавое абмеркаванне ўсіх аспектаў правядзення веснавых палявых работ і далейшага догляду за пасевамі, абароны іх ад шкоднікаў і хвароб.
Гатоўнасць сельгасарганізацый да сяўбы на дадзеным этапе прааналізаваў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу М.Б.Пад’ялоўскі. Ён адзначыў, што ў гаспадарках пад поўную патрэбу падрыхтавана насенне яравых збожжавых, зернебабовых, шматгадовых траў, ільну. З засыпанага насення для сяўбы на зерне 90% адпавядаюць суперэліце, эліце і першай рэпрадукцыі. Усё насенне кандыцыйнае і адпавядае пасяўному стандарту.
На дзень правядзення пасяджэння райвыканкама забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі складала 91%. Па разліках, праінфармаваў М.Б.Пад’ялоўскі, да пачатку веснавых палявых работ усе сельгасарганізацыі раёна павінны быць забяспечаны мінеральнымі тукамі пад поўную патрэбу. Вось толькі некаторыя з іх марудзяць з вывазкай угнаенняў з баз ( СВК “Калгас “Свярдлова”, “Добасна-агра”, РУП “Жылічы”): іх кіраўнікам даручана актывізаваць працэс вывазкі.
Згодна даведзенага задання, у гаспадарках неабходна нарыхтаваць 293 тыс. тон арганічных угнаенняў, па раёне нарыхтавана ўжо 298 тыс. тон. Вывезена на палі 95% ад нарыхтаванага і 125% ад графіка. На дзень прыезду камісіІ, створанай для праверкі гатоўнасці да веснавых сельгасработ, не было выканана заданне па нарыхтоўцы арганікі ў СВК “Калгас “Свярдлова”, “Добасна-агра”, “Калгас “Беларусь”.
Практычна ўся нарыхтаваная арганіка на гэты дзень была вывезена на палі ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Бераснёўскі”, падыходзілі да завяршэння работы ў РУП “Жылічы”, СГФ “Чыгірынка”. Даведзены графік вывазкі арганічных угнаенняў выконваецца ўсімі сельгасарганізацыямі, акрамя СВК “Калгас “Свярдлова”.
У ходзе абмеркавання пытання была пастаўлена задача паскорыць тэмпы вывазкі арганікі, а ўвогуле максімальна сур’ёзна папрацаваць з ёй: неабходна для забеспячэння бездыфіцытнага балансу гумусу глебы ўнесці на 1 гектар ворыва ў сярэднім па 11 тон арганічных угнаенняў (у мінулым годзе было ўнесена ў сярэднім па 7 тон).
Плённая работа была праведзена сёлета па падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да пасяўной кампаніі: сельгасарганізацыі не чакалі, пакуль вобласцю будуць выдзелены бюджэтныя сродкі на рамонт, а распачалі і вялі яго ўласнымі сіламі, за ўласныя сродкі. Тэхніка, вузлы і агрэгаты для энерганасычаных трактароў былі ў поўным аб’ёме здадзены ў рамонтныя арганізацыі, інжынернымі службамі гаспадарак распрацаваны планы-графікі рамонту, створаны звёны па рамонце, камісіі па прыёмцы тэхнікі з рамонту. Такі падыход дазволіў да 15 сакавіка паставіць на лінейку гатоўнасці ўсю сельгастэхніку, прымаючую ўдзел у веснавых палявых работах.
Але, як адзначыў начальнік аддзела інтэнсіфікацыі райсельгасхарчу І.А.Пігулеўскі, штогод пры правядзенні сяўбы шмат клопатаў дастаўляе негарантыйная тэхніка. Вырашана прапанаваць райаграпрамтэхзабеспячэнню да пачатку пасяўной кампаніі стварыць страхавы фонд запчастак на такую тэхніку, каб у працэсе сяўбы была магчымасць забяспечыць яе аператыўны і якасны рамонт.
Немалаважная задача — забяспечыць празрыстасць выкарыстання сельгастэхнікі на веснавых пасяўных работах: сельгасарганізацыям даручана скласці адпаведныя графікі з улікам таго, каб пры неабходнасці наладзіць узаемадапамогу паміж гаспадаркамі.
Сяўбу каласавых збожжавых варта завяршыць да 1 мая: як падкрэсліў М.Б.Пад’ялоўскі, практыка паказвае, што ранняя сяўба гарантуе лепшы ўраджай, чым позняя. Аптымальны тэрмін завяршэння яравой сяўбы ўвогуле — 10 мая.
З улікам усіх відаў работ на перыяд правядзення веснавой сяўбы неабходна задзейнічаць 311 механізатараў, па становішчу на 12 сакавіка іх налічвалася 287: недахоп трактарыстаў-машыністаў плануецца кампенсаваць у асноўным за кошт пераводу працаўнікоў з іншых відаў работ, а таксама выпускнікоў і практыкантаў вытворча-тэхнічных вучылішч, ВНУ, прамысловых прадпрыемстваў.
У ходзе пасяджэння райвыканкама значная ўвага была нададзена пытанням захавання тэхнікі бяспекі на палявых работах, выкананню графіка медагляду, забеспячэння спецвопраткай, гарачым харчаваннем работнікаў, стварэння належных бытавых умоў.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.