Лепшая ў вобласці інфармацыйная група

Па выніках работы за мінулы год дзейнасць групы інфармацыйнага забеспячэння раённага аддзела ўнутраных спраў прызнана лепшай у Магілёўскай вобласці.
Менавіта ў інфармацыйна-аналітычным цэнтры знаходзіцца ўвесь банк дадзеных райаддзела, вядзецца статыстычная работа. Працуюць тут дзве абаяльныя, прыемныя ў зносінах і ветлівыя жанчыны: Таццяна Бабіч і Кацярына Грыцкевіч. Магчыма, некаторыя лічаць, што работа ў міліцыі — не жаночая справа, аднак гэтыя прадстаўніцы цудоўнага полу перакананы ў адваротным.
Напрыклад, Таццяна працуе ў органах унутраных спраў ужо 16-ы год. Яна адзначае: “Вядома ж, праца не з лёгкіх, розныя бываюць сітуацыі. Аднак асабіста для мяне яна — цікавая. Ніколькі не шкадую, што звязала сваё жыццё з органамі ўнутраных спраў”.
Старшы лейтэнант Кацярына Грыцкевіч у міліцыі з 2009 года. Дзяўчына гаворыць, што таксама не расчаравалася ў сваім выбары.
«Здараецца, вядома, што не заўсёды хапае часу на сям’ю, на нейкія іншыя радасці жыцця, — адзначае Кацярына. — Аднак лічу, што, як бы там ні было, кожная жанчына-міліцыянер заўсёды здолее пастаяць за свой гонар, нават, калі побач не будзе мужчыны!».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.