Лютаўскія маразы — час максімальнай увагі

Маразы і пахаладанне выклікаюць у выратавальнікаў спецыфічныя асацыяцыі: засыпаныя снегам вуліцы і пад’езды да домаўладанняў грамадзян і вялізная колькасць пажараў у сектары прыватнай забудовы. Вельмі часта прычынай агнявых трагедый у зімовы час становіцца парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення: перапал печак і з’яўленне трэшчын у цагляным муры, несвоечасовая ачыстка дымаходаў ад сажы.
З пачатку бягучага года ў Магілёўскай вобласці адбылося 155 пажараў, у якіх загінула 55 чалавек. Ахвярамі агню сталі 2 жыхары нашага раёна.
19 студзеня ў дачны дом в.Кострыцкая Слабодка прыехалі ўнучкі гаспадароў домаўладання. Дом не прапальваўся некалькі месяцаў. Каб сагрэцца, дзяўчыны палілі печку на працягу 4-х гадзін запар. А раніцай прачнуліся ад трэску: гарэла перакрыццё дома. Абедзве перамясціліся ў бяспечнае месца, а домаўладанне практычна поўнасцю знішчана агнём.
Многія ўпэўнены: нічога падобнага з імі не адбудзецца. І, ігнаруючы прапісныя ісціны і правілы бяспекі, выпрабоўваюць лёс… цаной свайго жыцця.
Калі з-за парушэння правілаў устройства і эксплуатацыі ацяпляльнага абсталявання пажары адбываюцца часцей за ўсё ўзімку, то па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём, у тым ліку пры курэнні і ў стане алкагольнага ап’янення, — круглы год. Гэта асноўная прычына гібелі людзей на пажарах. Так, не патушаная цыгарэта стала апошняй у жыцці 44-гадовага кіраўчаніна. Напярэдадні мужчына выгнаў з дому сваю састарэлую маці, а сам распіваў спіртныя напіткі. Калі яго сусед запрыкмеціў пажар, то адкрытым полымем ужо гарэў дах домаўладання. На жаль, мужчыне нічым нельга было дапамагчы. Істотна пацярпела і домаўладанне — знішчана 20 кв. метраў даху, пашкоджаны перакрыццё і маёмасць. Няцяжка здагадацца, што прычынай трагедыі стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
Па гэтай жа прычыне ў пачатку бягучага года загінуў і жыхар в.Новыя Стаўпішчы.
Па прагнозах сіноптыкаў, у бліжэйшыя дні зіма будзе трымаць свае пазіцыі, таму, паважаныя грамадзяне, спрабуючы абагрэць свае домаўладанні пры дапамозе печак, будзьце максімальна ўважлівымі: агонь памылак не даруе!
Дзмітрый РОШЧЫН,
начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.