«Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь!»

У межах рэспубліканскай акцыі “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, ініцыятарам і арганізатарам якой з’яўляецца грамадскае аб’яднанне “БРСМ”, 15 сакавіка ў актавай зале Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў прайшла цырымонія ўручэння пашпартоў Рэспублікі Беларусь 19-ці юнакам і дзяўчатам Кіраўшчыны.
Стаць уладальнікам пашпарта — падзея сама па сабе важная і памятная, а атрымаць пуцёўку ў дарослае жыццё ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — асабліва ганарова.
Радасць свята з маладымі грамадзянамі прыйшлі падзяліць прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, бацькі, настаўнікі, сябры.
Намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова павіншавала юнакоў і дзяўчат з тым, што яны становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны, выказала ўпэўненасць у тым, што будучыня Радзімы — у надзейных руках, і разам са старшым інспектарам групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС С.А.Максіменкам уручыла рабятам пашпарты.
Віноўнікі ўрачыстасці атрымалі ад ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Р.І.Куцілкіна наказ з гонарам несці званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У адказ рабяты выказалі меркаванне, што пашпарт, як самы важны ў жыцці кожнага чалавека дакумент, не толькі дае магчымасць самастойна прымаць важныя рашэнні, але і ўскладае пэўную адказнасць за правільнасць гэтых рашэнняў, далі абяцанне быць дастойнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.
У гэты ж святочны дзень папоўніліся рады ГА “БРСМ”. Членскія білеты і значкі атрымалі 37 вучняў школ і навучэнцаў ліцэя №15.
За высокую грамадзянскую адказнасць і актыўны ўдзел у кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе юрысконсульт ААТ “Белаграпрамбанк” Сяргей Старавойтаў і начальнік участка ААТ “Кіраўсквадгас” Аляксандр Траццякоў атрымалі падзякі Магілёўскага абласнога камітэта ГА “БРСМ”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.