Належны клопат — належная аддача

Станоўчы вынік жыццядзейнасці любога прадпрыемства залежыць ад многіх фактараў — высокага ўзроўню падрыхтоўкі кадраў, граматнага вядзення справы кіруючым звяном, добрасумленнага стаўлення да даручанай работы ўсіх працаўнікоў. Усё гэта ў цэлым дазваляе дасягаць станоўчага эканамічнага выніку, забяспечваць паўнацэнны сацыяльны пакет, своечасова выплачваць дастойную заработную плату.
Аб гэтым ішла размова на справаздачна-выбарным сходзе ў СВК “Калгас “Ніва”.
Мясцовы сельскі клуб быў перапоўнены: у выніку далучэння два гады таму РУСП “Саўгас імя Кірава” калектыў сельгаспрадпрыемства значна павялічыўся. У ходзе работы сходу прысутныя ў зале задавалі кіраўніцтву СВК хвалюючыя іх пытанні. Трэба зазначыць, што яны не мелі агульнага інтарэсу і маглі быць вырашаны ў бягучым парадку.
У сваім выступленні старшыня праўлення І.У.Рыняк засяродзіў увагу прысутных на тых праблемах, якія ў прайшоўшым годзе перашкаджалі калектыву зладжана працаваць, што не дало магчымасці ўтрымацца на ранейшых лідзіруючых пазіцыях. У выніку ўзбуйнення гаспадаркі значна павялічыліся пасяўныя плошчы, іх пераўвільготненасць не дазволіла ў аптымальныя тэрміны пасеяць яравыя культуры. Востра адчуваўся недахоп тэхнікі. Нягледзячы на тое, што глеба была поўнасцю запраўлена арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі, ніваўцы не змаглі летась атрымаць запланаваную колькасць збожжа, рапсу, цукровых буракоў, кукурузы: на недабор прадукцыі адмоўна паўплывала і засуха.
Вельмі грунтоўна падрыхтаваўся да справаздачы старшыня рэвізійнай камісіі А.С.Петранкоў, які прааналізаваў дзейнасць кожнага падраздзялення. У першую чаргу, ён звярнуў увагу прысутных на тое, што адказныя работнікі за ачыстку насеннага матэрыялу недобрасумленна паставіліся да гэтай справы, таму ў пасевах пшаніцы былі прымесі ячменю. Выступаючы таксама адзначыў, што летась быў дапушчаны значны перарасход кармоў, паліва, электраэнергіі. Не пад поўную патрэбнасць для грамадскага пагалоўя (яго колькасць у мінулым годзе павялічылі на 400 галоў!) назапасілі травяністых кармоў, таму сёлета давядзецца іх купляць. Гаварылася таксама і аб тым, што сучасная сельгастэхніка патрабуе да сябе адказнага падыходу і працуючыя на ёй кадры павінны праходзіць перападрыхтоўку.
Аб тых праблемах, якія летась давялося вырашаць, каб не зніжаць паказчыкаў, гаварылі на сходзе старшыня прафкама І.А.Багамолаў, галоўны аграном А.Л.Семашкевіч, галоўны інжынер В.П.Капцялоў, галоўны заатэхнік А.П.Храпянкоў. Яны таксама назвалі прозвішчы лепшых працаўнікоў у сваіх падраздзяленнях. Гэта А.С.Петранкоў, А.Ф.Няфёдаў, М.І.Рымараў, У.Ф.Марозаў, Я.І.Бандарэнка, А.У.Мялешкіна, Н.І. Свірко, С.М.Багданава, С.М. Панамарова, Н.Я.Чубаева, А.С. Котава, В.Л.Каравай і многія іншыя.
Гаварылася на сходзе і аб тым, што трэба больш адказна ставіцца да вядзення спраў у жывёлагадоўчай галіне, бо менавіта ад рэалізацыі яе прадукцыі гаспадарка круглы год атрымлівае грашовыя сродкі. А для таго, каб паказчыкі былі адчувальнымі, неабходна нарыхтоўваць значна больш якасных травяністых кармоў, граматна весці племянную работу. Увядзенне ў строй дзеючых новага малочнатаварнага комплексу ў в.Капусціна дало магчымасць атрымліваць малако класам “экстра”, з Барсукоўскай МТФ малако паступае вышэйшым гатункам. Тут многае залежыць ад адносін жывёлаводаў да сваёй справы. Яны разумеюць, што ад якасці і колькасці атрымліваемай прадукцыі залежыць іх заработная плата, таму добрасумленна ставяцца да справы.
На бягучы год перад працаўнікамі гаспадаркі пастаўлены канкрэтныя задачы, над выкананнем якіх ім трэба будзе плённа працаваць. Як адзначыў у сваім выступленні на сходзе першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу А.В.Осіпаў, сёлета выпрацоўка на 1 працуючага ў СВК “Калгас “Ніва” павінна скласці 40,5 млн. рублёў. Для гэтага маецца ўсё неабходнае, а ў людзей ёсць жаданне працаваць яшчэ лепш.
Сярод пераможцаў раённага спаборніцтва па выніках работы за мінулы год прадстаўнікі сельгаспрадпрыемства названы ў многіх намінацыях. Лепшым з лепшых старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.П.Ставер уручыў дыпломы і грашовыя прэміі. Сярод іх — І.Ф.Стэльмакоў, П.І.Лебедзеў, А.М.Гушчына, А.С.Котава, А.У.Мялешкіна.
Па выніках работы за IV квартал мінулага года кіраўнік гаспадаркі ўручыў грашовыя прэміі шэрагу працаўнікоў. А даярцы М.Л.Сямёнавай, якая дасягнула пенсіённага ўзросту, у дадатак да зарплаты будзе выплачвацца 10-працэнтная надбаўка. Такое грашовае падспор’е атрымліваюць усе працуючыя пенсіянеры.
Затым перад сяльчанамі з канцэртнай праграмай выступіў выкладчыцкі калектыў Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.