Паўдыстанцыі — на выдатна!

У Віцебску прайшоў другі тур рэспубліканскай дзіцячай валейбольнай лігі сярод дзяўчат 1998 г.н. Неабходна адзначыць, перш за ўсё, роўны падбор удзельнікаў дадзенай узроставай групы.
Як і ў першым туры, нікому не ўдалося пазбегнуць паражэння. З улікам таго, што за перамогу ў кожнай партыі каманда атрымлівае адно ачко, шанцы ўсіх каманд ураўніваюцца. Да таго ж, нават у прайграным матчы можна зарабляць ачкі, што і ўдалося нашай камандзе. У адзіным прайграным матчы з камандай спартыўнай школы валейбольнага клуба “Мінск” (1:2) мы зарабілі ачко. Папоўнілі скарбонку кіраўскіх валейбалістак перамогі над камандамі г.Наваполацка, г.Мазыра, Мінскай прафсаюзнай школы з лікам 3:0 і камандай г.Віцебска з лікам 2:1. У выніку, набраўшы ў пяці сустрэчах 12 ачкоў, у гэтым туры мы занялі 1-е месца.
У агульным заліку пасля двух тураў, набраўшы 22 ачкі, кіраўчанкі дзеляць першае месца са спартыўнай школай валейбольнага клуба “Мінск”. 2 ачкі ўступаюць нам валейбалісткі з Наваполацка, на трэцім месцы з 17-цю ачкамі — Мінская прафсаюзная школа.
Па традыцыі, адзначаю лепшых ігракоў нашай каманды: Надзею Каванскую і Крысціну Ермалаеву.
Згуляўшы па 10 гульняў, каманды прайшлі толькі палову дыстанцыі. Наперадзе яшчэ два туры: у красавіку — у Мінску, у маі — у Наваполацку.
Сяргей ЛАЗАКОВІЧ,
старшы трэнер ДЮСШ па валейболе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.