Прыклад для калег, гонар райаддзела

Старшы лейтэнант міліцыі Ігар Аксючэнка па выніках работы за мінулы год удастоены ганаровага звання “Лепшы па прафесіі”.
У органах унутраных спраў ён служыць з сакавіка 1993-га. Летась быў назначаны на пасаду старшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі РАУС.
У дзяцінстве ён марыў стаць ваенным. Аднак па наканаванні лёсу замест ваеннай надзеў форму міліцыянера. Абранай прафесіяй захапіўся сам ды яшчэ “ўцягнуў” у яе і свайго старэйшага брата, які зараз служыць у міліцыі ў Бабруйску. Там жа міліцыянерам-вадзіцелем пачынаў свой прафесійны шлях і Ігар Аксючэнка, а сёлета споўніцца 10 год, як ён працуе ў Кіраўскім райаддзеле.
Ігар Аляксандравіч лічыць, што поспехаў у любой справе хутчэй дасягнуць, калі працаваць у камандзе. Таму і сваю работу будуе на цесным кантакце з калегамі, працоўнымі калектывамі, грамадскімі фарміраваннямі.
— Радуе, што грамадзяне разумеюць важнасць нашай дзейнасці і імкнуцца дапамагчы ў раскрыцці злачынстваў, — гаворыць Ігар Аляксандравіч. — А гэта і правільна, бо, калі сёння абрабавалі твайго суседа, то дзе гарантыя, што заўтра ахвярай злачынцаў не станеш ты сам? З людзьмі трэба ўмець працаваць, знаходзіць агульную мову, асабліва, калі ты — супрацоўнік аддзялення крымінальнага вышуку. Бываюць і жартоўныя выпадкі. Здараецца, што ў нас пытаюцца: “А дзе ж ваш Мухтар, хто ж вам дапамагае шукаць і затрымліваць злачынцаў?”. Мабыць, фільмаў пра міліцыянераў наглядзеліся! Дарэчы, заўважу, што кіно ёсць кіно, вядома, штосьці прыхарошана, але ўсе гэтыя сюжэты заснаваны на рэальных падзеях, узяты з нашага жыцця. Таму, словы з вядомай песні: “Наша служба и опасна, и трудна” — апраўдваюць сябе на самой справе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.