Родная мова гучыць і будзе гучаць заўжды!

Моўная культура беларускага народа надзвычай багатая і самабытная. Яна ўвасоблена ў поўных чароўнага хараства песнях, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях і дасціпных, мудрых прыказках, у адмысловых загадках і магічна-таямнічых замовах, у трапных выслоўях і дасканалых па форме і мастацкіх якасцях казках, у творах мастацкай і навуковай літаратуры і інш. Гэтыя моўныя скарбы раскрываюць гісторыю народа, сведчаць пра яго сацыяльны інтэлект, далучаюць нас да маральных, эстэтычных каштоўнасцей, створаных народам за стагоддзі, дапамагаюць зразумець яго філасофію, мастацкія вобразы, авалодаць яго сакрэтамі. Родная мова яднае нашчадкаў і продкаў, звязвае мінулае з сучасным і будучым.
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і далейшага ўдасканальвання работы па захаванні і перадачы гісторыка-культурнай спадчыны, грамадска-патрыятычнага, духоўнага і эстэтычнага выхавання навучэнцаў у ліцэі быў праведзены Тыдзень роднай мовы. У яго межах прайшоў шэраг мерапрыемстваў.
З задавальненнем навучэнцы прынялі ўдзел у конкурсе мастацкай самадзейнасці “Арт-вакацыі”, які прайшоў пад дэвізам: “Шануем гісторыю і традыцыі краіны — упэўнена крочым у будучыню”. Пераможцы конкурсу Марыя Гуцол, Вольга Цішкіна і Марына Бізіна прадстаўлялі ліцэй на абласным этапе конкурсу ў Бабруйску. Разам з гэтымі дзяўчатамі гонар ліцэя абаранялі навучэнкі другога курса з танцавальнай кампазіцыяй да песні “Здравствуй, Родина” і вакальна-харавы калектыў інжынерна-педагагічных работнікаў з этнаграфічным святам “Гуканне вясны”.
Конкурс сцэнарыяў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў для моладзі “Крэон” праводзіўся ў дзвюх намінацыях. У намінацыі “Цудоўны вянок абрадаў і святаў роднай зямлі беларускай” перамаглі навучэнцы 21 “М” групы (куратар І.І.Грыгор’ева), якія пазнаёмілі ліцэістаў з фальклорным святам “Ляльнік”. У намінацыі “Малой радзімы даўнія падзеі і спадчына культурнага жыцця” лепшай прызнана работа навучэнцаў 21 “В” групы (куратар М.П.Карніцкая), якія пазнаёмілі з літаратурнай гульнёй “Скарбы роднага краю”. Гэтыя работы таксама прадстаўлены на абласны этап конкурсу.
У конкурсе чытачоў “Грамадска-патрыятычная тэматыка ў лірыцы беларускіх паэтаў” пераможцам стаў Аляксей Корман з 21 “В” групы (куратар М.П.Карніцкая).
Для педагогаў ліцэя ў межах Тыдня прайшоў “круглы стол” на тэму “Асаблівасці сучаснага беларускага правапісу”.
Работа па вывучэнні роднай мовы ў ліцэі не абмяжоўваецца пералічанымі мерапрыемствамі. Яна патрабуе штодзённай карпатлівай працы на ўроках і пазаўрочных мерапрыемствах.
Людміла ДРЭМЕЗАВА,
намеснік дырэктара ліцэя №15.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.