Шлях да выпраўлення няпросты, але магчымы!

У практыку работы камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама трывала ўвайшло правядзенне выязных пасяджэнняў. Так, у пачатку сакавіка камісія працавала ў ліцэі №15. На мінулым тыдні адбылося сумеснае з прэзідыумам раённага Савета дэпутатаў выязное пасяджэнне. Аб’ектам увагі на гэты раз стаў Жыліцкі сельскагаспадарчы каледж. Дакладней, праводзімая педкалектывам выхаваўчая работа з навучэнцамі, якія дапускаюць пропускі заняткаў, учыняюць правапарушэнні, не праяўляюць стараннасці ў вучобе. А такіх на ўліку ў каледжы і інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС 10. Усіх іх разам з замацаванымі за імі грамадскімі выхавальнікамі, куратарамі вучэбных груп запрасілі да ўдзелу ў выязным пасяджэнні камісіі.
Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх В.У.Гаршкова, адкрываючы пасяджэнне, адзначыла, што нягледзячы на планамерную і мэтанакіраваную работу, праводзімую ўсімі зацікаўленымі структурамі, у раёне назіраецца істотны рост падлеткавай злачыннасці. І гэтая сустрэча мае, перш за ўсё, прафілактычна-выхаваўчую скіраванасць.
У ходзе работы выязнога пасяджэння была агучана інфармацыя аб стане злачыннасці, правапарушэнняў і п’янства сярод непаўналетніх навучэнцаў Жыліцкага сельгаскаледжа за мінулы год і два месяцы бягучага года, разгледжаны адміністрацыйныя матэрыялы ў адносінах навучэнцаў, учыніўшых правапарушэнні, заслуханы справаздачы рабят, якія знаходзяцца на ўліку, разгледжаны пытанні аб выкананні пастановы камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і аб арганізацыі занятасці навучэнцаў каледжа ў пазаўрочны час.
У сельгаскаледжы значная ўвага надаецца выхаваўча-асветніцкай рабоце, праводзяцца заняткі па праву, факультатыў асноў праваслаўя, працуе 9 спартыўных секцый, шэраг гурткоў і клубаў па інтарэсах. Ёсць у рабят магчымасць і падзарабіць. Так, адзін з інтэрнатаў рамантуецца ўласнымі сіламі, работы аплачваюцца. Тыя, хто вучыцца паспяхова, атрымліваюць стыпендыю, а гэта да 150 тыс.рублёў. Сацыяльныя сіроты, а яны таксама фігурыруюць сярод навучэнцаў, пастаўленых на ўлік, знаходзяцца на дзяржаўным забяспечэнні і атрымліваюць 11,6 тыс.руб. штодзённа на харчаванне, каля 400 тыс. рублёў — штоквартальна на вопратку, плюс стыпендыя, матэрыяльная дапамога (не менш базавай велічыні раз у квартал), а па заканчэнні вучобы — 1800 тыс.руб. “пад’ёмных”.
Сярод учыненых правапарушэнняў, за якія навучэнцам каледжа давялося чырванець трымаючы адказ перад прысутнымі, перавалодваюць неабдуманыя ўчынкі, выкліканыя хутчэй пэўнай зайздрасцю, імгненным памкненнем, чым жыццёвай неабходнасцю. Так, адзін з навучэнцаў угнаў пакінуты гаспадаром у кювеце матацыкл, другі разам з таварышам украў акумулятар з аўтамабіля, трэці — мабільны тэлефон у аднагрупніка. У цэлым, як паказвае аналіз правапарушэнняў, практычна ўсе яны маюць карыслівую скіраванасць і былі ўчынены ў вячэрні і начны час.
Другая, не менш заганная праява сярод навучэнцаў — прыхільнасць да піва. Ужываюць яны гэты напой паўсюдна: і едучы на вучобу ў цягніку, і схаваўшыся ў зацені кафэ “Легенда”, і ў іншых грамадскіх месцах. Прычым на заметку пільным супрацоўнікам міліцыі трапілі і тыя, хто трывала сябруе з півам, і тыя, хто толькі вырашыў паспрабаваць напой, а ўвогуле характарызуецца ў каледжы і па вучобе, і па актыўнасці ў грамадскім жыцці толькі станоўча. І хаця ў абарону гэтых рабят актыўна выступілі іх выкладчыкі, закон няўмольны: правінаваціўся — адказвай! Рабяты пастаўлены на ўлік, і толькі іх старанная вучоба, прыкладныя паводзіны дазволяць у будучым узняць пытанне аб датэрміновым зняцці з уліку.
А магчымасць для выпраўлення заўсёды ёсць. І на пася-джэнні такія прыклады былі разгледжаны. Так, у студзені бягучага года адміністрацыя каледжа звярнулася ў камісію па справах непаўналетніх райвыканкама з хадайніцтвам аб дазволе на змяшчэнне ў спецустанову непаўналетняй Ірыны С. У гэтым каледжу было адмоўлена, а прапанавана ўзмацніць выхаваўчую работу з навучэнкай. У выніку з 19 акадэмічных запазычанасцей, якія назбіраліся ў Ірыны, на цяперашні час засталося толькі 5. Дзяўчына скараціла пропускі заняткаў, мяркуючы па запісах у журнале на вахце інтэрната, не парушае дысцыпліны і вызначанага тут рэжыму пражывання.
Былі праблемы з вучобай, паводзінамі і ў цяперашняй 4-курсніцы Марыны М. Аднак праводзімая ў каледжы выхаваўчая работа дала свой плён, дзяўчына прыслухалася да парад педагогаў, стала на шлях выпраўлення і зараз паспяхова заканчвае вучобу, мае сярэдні бал 8,1.
А вось у першакурсніцы Наталлі К. пакуль зусім не адчуваецца імкнення да вучобы, шмат пропускаў. У кожным загадзе дырэкцыі сельгаскаледжа аб дзяржзабеспячэнні навучэнцаў-сірот (а за кожны пропуск заняткаў без уважлівых прычын прадугледжана пазбаўленне дзяржзабеспячэння) фігурыруе і навучэнка 4-га курса Аляксандра Ж.
Пісьмы па месцы работы бацькоў, як адзін са спосабаў прыняцця дысцыплінарных мер да нерадзівых навучэнцаў, вырашана накіраваць бацькам навучэнак Вікторыі П. і Кацярыны С., бо дзяўчаты слаба рэагуюць на патрабаванні педагогаў і выхавальнікаў, прапускаюць заняткі, не сябруюць з дысцыплінай.
Члены камісіі ўважліва выслухалі кожнага з непаўналетніх, запрошаных на пасяджэнне, выказалі свае заўвагі і пажаданні. Наогул дыялог быў пабудаваны такім чынам, каб рабяты маглі крытычна зірнуць на ўласныя паводзіны, зрабіць вывады, стаць на шлях выпраўлення.
У ходзе абмеркавання вынесеных на парадак дня пытанняў ад адміністрацыі каледжа, прысутных педагогаў прагучаў шэраг слушных прапаноў па паляпшэнні прафілактычна-выхаваўчай работы з падлеткамі, стабілізацыі крымінагеннага становішча на тэрыторыі каледжа ў цэлым. У тым ліку былі выказаны меркаванні аб неабходнасці ўвядзення асобнай адзінкі ўчастковага міліцыянера ў Жылічах, забароне продажу моцных танных спіртных напіткаў у кафэ “Легенда”, абмежавання свабоднага “курсіравання” на аўтамашынах па тэрыторыі каледжа нязваных гасцей, знаходзячыхся ў падпіцці, з суседняга Рагачоўскага раёна і г.Бабруйска.
Як станоўчае было адзначана, што за 2 месяцы бягучага гона непаўналетнімі навучэнцамі Жыліцкага сельгаскаледжа не ўчынена ніводнага правапарушэння. Так трымаць!
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.