У лідарах — СГФ “Чыгірынка”

Па выніках штогадовага раённага спаборніцтва сярод галін народнай гаспадаркі за мінулы год лепшым сельгасвытворцам стаў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”. Працаўнікі занялі лідыруючыя пазіцыі адразу ў некалькіх намінацыях: “За лепшыя вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці”; “За павелічэнне вытворчасці і рэалізацыі малака”; калектыў малочна-таварнай фермы “Чыгірынка” прызнаны лепшым у раёне. У намінацыі “За павелічэнне вытворчасці рапсу” гаспадарцы прысуджана 3-е месца. Ганаровага звання “Лепшы па прафесіі” ўдастоена вядучы ветэрынарны ўрач сельгасфіліяла Н.В.Філіпава.
У размове з супрацоўнікамі “раёнкі” дырэктар СГФ “Чыгірынка” І.У.Кузняцоў адзначыў, што такі выдатны вынік калектыў атрымаў, безумоўна, не проста так і невыпадкова. Гэта рэзультат шматгадовай напружанай работы. Працаўнікі мэтанакіравана ішлі наперад, паступова павялічвалі вытворчасць прадукцыі, праяўлялі стараннасць і добрасумленнасць. За апошнюю пяцігодку на 250% павялічылі валавую вытворчасць малака (за мінулы год — на 127%), атрыманы значныя сярэднясутачныя прывагі жывёлы.
Справы ў сельгасфіліяле вядуцца па-гаспадарску: пачалі мяняць структуру пасеваў, бо, калі, напрыклад, кукуруза аддае перавагу пясчаным землям, то для яе адшукалі найбольш спрыяльныя ўчасткі. А наогул надалей большы ўхіл тут збіраюцца рабіць на вытворчасць мяса і малака. Ужо зараз пагалоўе жывёлы ў гаспадарцы вырасла ўдвая, таму неабходна нарошчваць кармавую базу, а адпаведна — і плошчы пад кармавыя культуры.
Сёння на ўрачыстым сходзе па падвядзенні вынікаў раённага спаборніцтва сярод галін народнай гаспадаркі І.У.Кузняцову будзе ўручаны Ганаровы пераходны сцяг Кіраўскага раённага выканаўчага камітэта. Ігар Уладзіміравіч вельмі ўдзячны ўсяму калектыву сельгасфіліяла за агульную перамогу:
— Калі прырода абдзяліла наш чыгірынскі край урадлівай зямлёй, то людзі тут — сапраўднае багацце. Дзякуючы менавіта нашым жывёлаводам, механізатарам, спецыялістам і іншым работнікам, зараз мы — першыя! Як кіраўнік сельгасфіліяла, адзначу, што і надалей будзем паляпшаць умовы работы, жыцця і адпачынку. Гэта, безумоўна, паўплывае на павышэнне эфектыўнасці працы.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.