Вы прасілі разабрацца

Гарадская лазня, адпрацаваўшы на карысць кіраўчан не адзін дзесятак год, урэшце поўнасцю вычарпала свой тэхнічны рэсурс, састарэла фізічна і маральна. Таму кіраўніцтвам раёна лагічна было пастаўлена пытанне аб неабходнасці будаўніцтва новай лазні, якая б адпавядала ўсім санітарна-гігіенічным нормам і сучасным патрабаванням.
У лютым бягучага года да ведама гараджан, у тым ліку і праз раённую газету, была даведзена інфармацыя аб тым, што старая гарадская лазня, размешчаная на рагу вуліц Мельнікава і Савецкай, з другой паловы месяца закрываецца. На той час, пакуль будзе весціся разборка былога будынка і будаўніцтва новай лазні, магчымасць памыцца кіраўчанам была прапанавана ў лазні ДЮСШ. Давялі расцэнкі, вызначаны “мужчынскія” і “жаночыя” дні. І 18 лютага адбыўся «грамадскі дэбют» лазні ДЮСШ.

Здавалася б, усё добра, і пытанне з памыўкай для тых жыхароў горада, у якіх няма іншай альтэрнатывы захоўваць асабістую гігіену, як наведаць грамадскую лазню, вырашана. Аднак у ходзе інтэнсіўнай эксплуатацыі лазні ДЮСШ выявіліся пэўныя нязручнасці: яна не разлічана на вялікую адначасовую колькасць наведвальнікаў, ёмістасць з гарачай вадой патрабуе пастаяннай падпіткі і г.д.
Гэта на сабе адчула адна з наведвальніц лазні: яна прыйшла сюды ў сярэдзіне памывачнага дня, а тыя, хто мыўся раней, усю гарачую ваду расходвалі. Каб хоць неяк абмыцца, жанчыне давялося «цадзіць» ваду з крана, якая была не лепшай якасці…
Гэткая недарэчнасць стала прычынай скаргі, напісанай кіраўчанкай Л.А.Манкевіч у рэдакцыю. Прынамсі, там гаворыцца, што калі жанчына зайшла ў мыйнае аддзяленне, разлічанае чалавек на 8, там знаходзілася каля 15-ці. З трэцяй спробы жанчына здолела «ўладкаваць» тазік і набраць вады. А калі выйшла з парылкі, то пачалося шоў «Голыя і смешныя», бо гарачая вада закончылася. «Галаву намыліць я, на шчасце, не паспела, — піша Л.А. Манкевіч, — крыху спаласнулася рудой вадой, нацэджанай з крана. Ну, і як у М.М.Зошчанкі, вырашыла: «Ну яе (такую лазню) у балота. Дома дамыюся…».
Пракаменціраваць дадзены інцыдэнт і наогул сітуацыю з выкарыстаннем лазні ДЮСШ у якасці грамадскай мы папрасілі дырэктара ўстановы В.Я.Галомзіка.
— Аўтар допіса, — адзначыў Віктар Яўгенавіч, — сапраўды трапіла ў непрыемную, нават анекдатычную сітуацыю. Малайчына, што не страціла пры гэтым пачуцця гумару і нават узгадала М.Зошчанку і герояў яго твораў. Але ж у дадзенай сітуацыі складана кагосьці вінаваціць. Лазня ДЮСШ у свой час была пераабсталявана намі з душавога пакоя ўласнымі сіламі. Эксплуатуецца каля 15 год. Разлічвалася яна на памыўку спартсменаў, а гэта чалавек 6 —8, таму палілася раз у 3 — 4 дні.
У сувязі з закрыццём гарадской лазні мы былі вымушаны паліць сваю штодня. У той дзень, які апісвае ў сваёй скарзе кіраўчанка Л.А.Манкевіч, у 14 гадзін у лазні была поўная ёмістасць гарачай вады, тэмпература ў парылцы трымалася ў межах 1200С. Паколькі быў “жаночы” дзень, а дзяжурыў наш работнік-мужчына, ёмістасць з вадою своечасова не падсілкавалі (кран знаходзіцца ў памывачнай зале). Атрымаўся казус. Рудая вада для Кіраўска — не навіна. У дадзеным жа выпадку нашай кліентцы, відаць, трапіла акаліна, паколькі ёмістасць з гарачай вадой была поўнасцю спарожнена.
Мы згодныя, што ў склаўшайся сітуацыі, калі закрыта гарадская лазня, жыхарам Кіраўска трэба дапамагчы, і гатовы былі аказаць гэтую дапамогу. Пасля інцыдэнта з адсутнасцю гарачай вады так старанна палілі лазню, што, урэшце, атрымаўся перагрэў сценкі, адбылося ўзгаранне, якое сваімі сіламі аператыўна было ліквідавана. Зараз лазня ДЮСШ не працуе. Прыносім жыхарам горада свае прабачэнні. Спатрэбіцца пэўны час для прыняцця ўсіх неабходных мер перасцярогі і бяспекі, з тым, каб далей не дастаўляць нашым наведвальнікам нязручнасцей.
Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама І.М.Бяржанін адзначыў на запыт рэдакцыі наступнае: праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва новай гарадской лазні зроблена і прайшла экспертызу, вядуцца работы па разборцы старога будынка і дэмантажу абсталявання, графік работ у цэлым выконваецца.
І.М.Бяржанін праз газету звяртаецца да жыхароў горада з просьбай праявіць разуменне і цярпенне з нагоды нязручнасцей, звязаных з закрыццём старой гарадской лазні: урэшце, яны часовыя і кампенсацыяй за цярпенне для кіраўчан стане новая лазня — сучасная і камфартабельная.
Запісала
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.