Выйсці на намечаныя рубяжы

Такую задачу паставілі перад сабой працаўнікі СВК “Калгас “Беларусь” на бягучы год на сваім справаздачна-выбарным сходзе. Летась, нягледзячы на ўсе сюрпрызы надвор’я, калектыў змог дабіцца нядрэнных вынікаў у рабоце. Сёлета, як адзначалася на сходзе, плануемыя паказчыкі амаль па ўсіх пазіцыях павялічаны ў два разы. У бягучым годзе хлебаробы плануюць намалаціць 4150 т збожжа, хаця летась яго атрымана 2024 т. Якім чынам працаўнікі сельгаспрадпрыемства змогуць гэтага дабіцца?
Старшыня праўлення У.М.Ядчанка, прааналізаваўшы паказчыкі прайшоўшай пяцігодкі, адзначыў, што хлебаробы штогод дабаўлялі звыш 1000 т збожжа, ды плюс недабраныя з-за леташняй засухі 1000 т, і пастаўленая задача ім па сіле. Тым больш, што магчымасці для дасягнення намечанага ў хлебаробаў ёсць. Так, пад будучы ўраджай зроблены належны задзел яшчэ з восені: у аптымальныя тэрміны пасеяны азімыя збожжавыя культуры, пад якія занята 820 гектараў. Пад яравы збожжавы клін адвялі яшчэ 600 гектараў. Будуць таксама павялічаны пасевы кукурузы, цукровых буракоў, рапсу.
У апошнія гады значная ўвага ў гаспадарцы надаецца эфектыўнаму выкарыстанню сельскагаспадарчых угоддзяў: уводзяцца ў севазварот невыкарыстоўваемыя дагэтуль участкі. Усе палеткі яшчэ з восені заворваюцца, пад пасевы ўносіцца неабходная колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў.
У зімовы перыяд механізатары ўшчыльную займаліся рамонтам сельскагаспадарчай і глебаапрацоўчай тэхнікі, таму праблем на веснавых палявых работах у гаспадарцы не павінна быць. Ёсць у наяўнасці магутныя энерганасычаныя трактары, неабходныя запасныя часткі, маецца запас паліва. Распрацаваны і даведзены да ведама працуючых меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Механізатарскія кадры тут вопытныя, таму ім па сіле той фронт работ, які належыць сёлета выканаць.
На механізатараў ускладзена і адказная задача забеспячэння кармамі грамадскага пагалоўя. Тым больш, што да канца года ў гаспадарцы мяркуюць мець 600 высокаўдойных кароў, а да канца бягучай пяцігодкі — 1000. Для таго, каб іх размясціць, неабходны новы малочнатаварны комплекс па сучасных тэхналогіях на 600 галоў. У планах кіраўніцтва гаспадаркі таксама пабудаваць хлеў для сухастойных і хворых кароў на 200 галоў, набыць 400 тэнтавых хлеўчукоў для цялятак. Закуплены электра-мамы, якія будуць выкарыстаны ўжо ў маі.
У сувязі з праведзенай нядаўна рэканструкцыяй Барчыцкай МТФ плануецца значна скараціць спажыванне энергетычных рэсурсаў. А за кошт павелічэння колькасці прадукцыі і паляпшэння яе якасці жывёлаводы мяркуюць мець значныя грашовыя сродкі. Калі зараз ад рэалізацыі штомесяц яны атрымліваюць 100 млн. рублёў, то к канцу пяцігодкі плануюць мець не менш 600 млн. Дзякуючы гэтаму, будзе забяспечаны рост заработнай платы працуючых, палепшыцца іх дабрабыт.
У тых, хто працуе больш прадукцыйна, і зарплата адчувальная. Так, напрыклад, у механізатара Г.А.Воласа летась у сярэднім выйшла звыш 1,5 млн. рублёў у месяц.
За дасягненне высокіх паказчыкаў на працягу апошніх пяці гадоў лепшыя работнікі ўзнагароджваюцца каштоўнымі падарункамі. На справаздачна-выбарным сходзе, працаўнікам таксама былі ўручаны прэміі — усяго на 8 млн. рублёў. Напрыклад, перадавая даярка С.М.Пацёмкіна атрымала ад гаспадаркі амаль поўны набор электрабытавой тэхнікі: відэамагнітафон, тэлевізар, пральную машыну, мікрахвалёвую печ. Сярод перадавікоў — Н.Г.Карповіч, Г.І.Фядотава, Р.У. Ядчанка, П.І.Фядотаў, М.В.Бялянаў, С.У.Тарабуеў, В.І.Каліноўскі, Р.І.Сцяпанаў, С.Я. Шчэрбіч, А.М.Арцёмаў, А.М.Суднікаў, А.Р.Сцепановіч і іншыя.
Старшыня прафсаюзнага камітэта Г.К.Дзятлава ў сваёй прамове спынілася на выкананні пунктаў калектыўнага дагавору, а таксама пазнаёміла прысутных з унесенымі ў яго дапаўненнямі і змяненнямі. Так, маладым спецыялістам выплачваюцца пад’ёмныя ў памеры 4 акладаў, ім выдзяляецца жыллё, аказваецца дапамога на харчаванне. Маладым хлопцам, якія ідуць на службу ў армію, а таксама пасля звальнення выдзяляецца матэрыяльная дапамога. Значная ўвага ў гаспадарцы надаецца стварэнню нармальных бытавых умоў для ўсіх працуючых, ім выдзяляюцца спецвопратка, сродкі індывідуальнай абароны.
На сходзе вялася зацікаўленая размова і аб забеспячэнні прыватнага статка сенам, саломай, збожжам, выдзяленні для яго пашаў. Справа ў тым, што многія гаспадары прадаюць цялят у іншыя гаспадаркі, але хочуць карыстацца льготамі пры выдзяленні сена як тыя, хто здае іх на месцы. Ды яшчэ патрабуюць, каб для пасьбы іх кароў гаспадарка выдзяляла бясплатна пастуха. Дарэчы, на 1карову ў СВК дастаўляецца да двара тона сена, плюс тона за здадзенага цялёнка. Плюс за працадні. Так што, уласная гаспадарка сяльчан забяспечваецца сенам пад патрэбнасць.
Аб справах у жывёлагадоўчай галіне гаварыла галоўны заатэхнік В.Ф.Салаўёва, якая адзначыла, што тут таксама яшчэ не выкарыстаны маючыеся рэзервы. Калі летась ад кожнай каровы ў сярэднім надоена па 4684 кг малака, то сёлета трэба мець не менш 5450 кг. Ставіцца задача сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы давесці да 750 г супраць леташніх 657 г. Гэтага можна дасягнуць дзякуючы забеспячэнню грамадскага статка пад поўную патрэбнасць збалансаванымі кармамі, граматнаму вядзенню племянной работы. А самае галоўнае — гэта стараннасць і добрасумленнасць працаўнікоў.
У рабоце схода прынялі ўдзел першы намеснік начальніка райсельгасхарчу М.Б.Пад’ялоўскі і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК В.П.Ставер.
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.