Хлеба выпякаецца дастаткова

У рэдакцыю патэлефанавала адна з нашых чытачак са скаргай на пастаянны недахоп у гандлёвых кропках г.Кіраўска тоставага хлеба.
За тлумачэннямі мы звярнуліся да дырэктара камбіната кааператыўнай прамысловасці С.М.Васільевай. Вось што яна паведаміла:”Тэрмін захоўвання тоставага хлеба — 92 гадзіны. Зыходзячы з гэтага і згодна заявак з гандлёвых кропак горада і раёна выпякаем такі хлеб двойчы на тыдні. За месяц рэалізуем яго каля 200 кілаграмаў.
Здараюцца выпадкі, калі па прычыне заканчэння тэрміну рэалізацыі магазіны вяртаюць на камбінат не прададзены тоставы хлеб”.
Намеснік старшыні райспажыўтаварыства С.Р.Сарока растлумачыла, што вытворчыя магутнасці камбіната кааператыўнай прамысловасці дазваляюць выпякаць больш тоставага хлеба. Толькі вось больш купляць яго не будуць: выпякаемы зараз хлеб не заўсёды поўнасцю разыходзіцца.
Адказныя работнікі райспажыўтаварыства робяць кантрольныя праверкі на наяўнасць у гандлёвых кропках прадуктаў харчавання. Пытанняў наконт недахопу тоставага хлеба раней не ўзнікала.
Як падкрэсліла С.Р.Сарока, у мэтах недапушчэння ў далейшым скаргаў пакупнікоў на недахоп тоставага хлеба будзе праведзена растлумачальная работа з загадчыкамі гандлёвых кропак горада і раёна наконт своечасовай падачы заявак.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.