26 красавіка — 25-я гадавіна чарнобыльскай трагедыі

…Людзі майго пакалення ведаюць аб самай буйнай тэхнагеннай катастрофе мінулага стагоддзя — аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі — ў асноўным з літаратуры і расказаў старэйшых. Няшмат гаварылі аб гэтым чвэрць стагоддзя таму, няшмат разважаюць і зараз. Мабыць, пераважае якасць чалавечай свядомасці — старацца пакінуць у памяці прыемныя падзеі, а трагічныя глыбока захаваць. Аднак, нягледзячы на значны адрэзак часу, які аддзяляе нас ад красавіка 1986-га, грамадства яшчэ доўга будзе падзяляць гісторыю краіны на “да” і “пасля” выбуху атамнага рэактара.
На здымку: Сям’я Яўсеенкаў: Вольга, Аляксандр, Даша і Ягор.

У зоне радыёактыўнага забруджвання аказалася амаль чвэрць тэрыторыі Беларусі, на якой на той момант пражывала каля 2,5 мільёна чалавек. Мноства гарадоў і вёсак зніклі з твару зямлі, мноству людзей давялося назаўсёды развітацца са сваёй малой Радзімай і пачаць наладжваць жыццё амаль што “з нуля”. Такое выпрабаванне выпала на долю сям’і цяперашняга жыхара в.Лёўкавічы нашага раёна Аляксандра Яўсеенкі.
Да катастрофы Аляксандр разам з бацькамі і малодшай сястрой Таццянай жылі ў в.Старынка Слаўгарадскага раёна. На момант аварыі яму было 11 год:
— У першыя дні аб выбуху нам нічога дакладна не гаварылі, — прыгадвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Быў звычайны красавік. Стаяла цёплае надвор’е. Квітнелі сады. Завяршаліся вясновыя палявыя работы. Праз некалькі дзён дзецям сталі забараняць пасля заняткаў у школе выходзіць гуляць на вуліцу. А па завяршэнні навучальнага года нас на ўсё лета адправілі адпачываць у піянерскія лагеры — пад Магілёў, у Горкі і інш.
Засталося ў памяці, як ва ўсёй вёсцы знялі верхні слой глебы, а зверху пасыпалі жоўты пясок:
— І вось па гэтым жоўтым пяску нам — хлапчукам даводзілася гуляць у футбол.
Яшчэ пяць год Яўсеенкі пражылі на забруджанай тэрыторыі, а потым іх вёску пачалі адсяляць.
— Новае месца жыхарства бацькі выбіралі самі, — працягвае Аляксандр Уладзіміравіч, — прапаноўвалі нават кватэру ў Мінску, але яны — людзі вясковыя, бацька — вадзіцель, маці — бухгалтар, вырашылі будаваць новае жыццё на Кіраўшчыне, у Лёўкавічах. Нам не забаранялі забіраць з дома неабходныя рэчы. Таму многае, што нагадвала аб былым жыцці ў роднай вёсцы, перавезлі на новае месца жыхарства. У 1991-м разам з намі сюды пераехала шмат сем’яў з забруджаных зон. Кожны год мы з бацькамі наведваем родныя мясціны, бо боль па малой Радзіме не сціхае. На Радаўніцу абавязкова бываем там на могілках, а самой вёскі ўжо няма.
Аляксандр Яўсеенка атрымаў вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, застаўся працаваць на Кіраўшчыне. Зараз ён — галоўны заатэхнік у РУП “Жылічы”. Тут жа сустрэў сваю другую палову — Вольгу. Дзяўчына прыехала працаваць у гаспадарку ветфельчарам. Па волі лёсу сям’я Вольгі таксама з ліку перасяленцаў з забруджанай радыёнуклідамі зоны — Брагінскага раёна.
Вольга гаворыць:
— Калі адбылася аварыя на атамнай станцыі, мне быў усяго год. З успамінаў бацькоў ведаю, што жыхароў з нашага раёна пачалі эвакуіраваць амаль адразу. У агульнай складанасці насельніцтва Брагінскага раёна за 10 год пасля Чарнобыля скарацілася з 38 тысяч да 17 тысяч чалавек. Наша сям’я пераехала ў Рагачоўскі раён. Бацькі часта ўспамінаюць родныя мясціны. Нават праз столькі год сумуюць па іх, кажуць, там усё было блізкае: і прырода, і ўклад жыцця, і людзі.
…Наша жыццё ўладкавана так, што, нягледзячы на ўсялякія катастрофы і трагедыі, яно працягваецца, бо працягваюць нараджацца дзеці. Душэўны боль заглушае залівісты дзіцячы смех, які ўмацоўвае надзею, што ў будучым усё будзе добра. У Аляксандра і Вольгі Яўсеенкаў агульны сэнс жыцця — іх дзеці: Даша, якой споўнілася два гады і шэсць месяцаў, і Ягор, які з’явіўся на свет год і чатыры месяцы таму.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.