«Чарнобыльскія льготы»: асноўная падтрымка — інвалідам

Пытанні сацыяльнай абароны грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, застаюцца актуальнымі і зараз. Растлумачыць асобныя аспекты прадастаўлення льгот дадзенай катэгорыі насельніцтва мы папрасілі галоўнага спецыя-ліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І.А.ПЯТРОЎСКУЮ:
— Умовы прадастаўлення льгот залежаць ад прыналежнасці грамадзян да той ці іншай катэгорыі. Заканадаўствам вызначана, што грамадзяне, якія перанеслі прамянёвую хваробу, інваліды ўсіх груп і дзеці-інваліды з прычыны чарнобыльскай катастрофы маюць права пры выхадзе на пенсію атрымліваць медабслугоўванне ў арганізацыях аховы здароўя, да якіх яны былі прымацаваны па апошнім месцы работы, вайсковай службы; на першачарговае змяшчэнне ў дзяржаўныя стацыянарныя арганізацыі сацабслугоўвання; на 100% аплату «бальнічных» з першага дня захворвання; на першачарговае абслугоўванне ў арганізацыях аховы здароўя, службы быту, грамадскага харчавання, ЖКГ , тэхнічнага абслугоўвання і рамонту транспартных сродкаў; на падатковыя льготы; на перадачу бязвыплатна з улікам квоты ва ўласнасць займаемых жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду, а ў выпадку патрэбы — на атрыманне сацыяльнага жылля зноў жа ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Акрамя гэтага, грамадзяне, якія перанеслі прамянёвую хваробу, дзеці-інваліды і дарослыя інваліды І і II груп з прычыны чарнобыльскай катастрофы маюць права на дадатковыя гаранты. У прыватнасці, на бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў (за выключэннем пратэзаў з каштоўных металаў, металаакрылатаў, металакерамікі і г.д.), а таксама нанясення ахоўна-дэкаратыўнага пакрыцця з нітрыт-тытану; права на бясплатнае забеспячэнне іншымі тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі згодна дзяржаўнага рэестра; права на бясплатны праезд на ўсіх відах гарадскога пасажырскага і прыгараднага транспарту (акрамя таксі), а сельскім жыхарам — і на міжгароднім транспарце ў межах свайго адміністрацыйнага раёна.
Грамадзяне, якія перанеслі прамянёвую хваробу або хворыя на яе, дарослыя інваліды I і II груп з прычыны чарнобыльскай катастрофы могуць карыстацца 90% скідкай пры набыцці лекаў згодна рэцэптаў у межах спецыяльнага пераліку, а пры хірургічных захворваннях пры наяўнасці адпаведнага медыцынскага заключэння — і на 90% скідку на набыццё перавязачных матэрыялаў. Дзецям-інвалідам з прычыны чарнобыльскай катастрофы лекавыя сродкі ў межах спецыяльнага пераліку выдаюцца бясплатна.
Грамадзяне, перанёсшыя прамянёвую хваробу або хворыя на яе, інваліды I і II груп з прычыны чарнобыльскай катастрофы, якія не маюць працаздольных членаў сям’і і пражываюць адны, толькі з інвалідамі І і ІІ груп або з непрацуючымі пенсіянерамі пасля дасягнення імі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту маюць права на 50% скідку пры аплаце за тэхабслугоўванне і карыстанне жылым памяшканнем у межах 20 м2 агульнай плошчы і за камунальныя паслугі ў межах вы-значаных нормаў спажывання, а пры пражыванні ў дамах без цэнтральнага ацяплення — і на 50% скідку пры набыцці паліва ў межах нормаў, вызначаных для продажу насельніцтву.
Непрацуючыя грамадзяне, якія перанеслі прамянёвую хваробу або хворыя на яе, непрацуючыя інваліды I і II груп і дзеці-інваліды з прычыны чарнобыльскай катастрофы пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці проціпаказанняў маюць права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне ці пры адсутнасці проціпаказанняў — на аздараўленне ў парадку і на ўмовах, якія вызначае заканадаўства.
Грамадзяне, якія перанеслі прамянёвую хваробу або хворыя на яе, дарослыя інваліды і дзеці-інваліды з прычыны чарнобыльскай катастрофы маюць права на пазаконкурснае залічэнне ва ўстановы, якія забяспечваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю і на курсы прафесійнага навучання. Гэтыя ж катэгорыі грамадзян карыстаюцца першачарговым правам на залічэнне ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы з абавязковым прадастаўленнем іншагароднім месца ў інтэрнаце. Пры гэтым прыём на падрыхтоўчыя аддзяленні ВНУ тут робіцца незалежна ад наяўнасці месцаў і таксама з прадастаўленнем інтэрната.
Заканадаўства вызначае, што грамадзяне, якія перанеслі прамянёвую хваробу або хворыя на яе і інваліды з прычыны чарнобыльскай катастрофы могуць выкарыстоўваць працоўны водпуск у летні ці іншы зручны для сябе час і атрымліваць сацыяльны водпуск без захавання зарплаты працягласцю да 14 каляндарных дзён. Гэтыя ж грамадзяне пры ўмове роўнай прадукцыйнасці працы і кваліфікацыі карыстаюцца пераважным правам застацца на рабочым месцы падчас скарачэння штату. А інвалідам І-ІІ груп з прычыны чарнобыльскай катастрофы даецца права на першачарговае ўступленне ў гаражныя кааператывы і кааператывы, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю аўтастаянак.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.