Чвэрць стагоддзя пасля Чарнобыля

Мінула 25 год з дня чарнобыльскай катастрофы. У гісторыю чалавецтва назаўсёды ўвайшло 26 красавіка 1986 года, калі ў 1 гадзіну 23 мінуты па мясцовым часе ўзарваўся чацвёрты рэактар ЧАЭС. Пазней гэта аварыя была прызнана першай у свеце тэхнагеннай катастрофай з найвышэйшым (сёмым) узроўнем небяспекі па міжнароднай шкале ядзерных здарэнняў.
Мы пацікавіліся ў жыхароў раёна іх стаўленнем да падзей 1986 года і бачаннем перадолення наступстваў катастрофы.

А.І.ВОЛКАВА, дырэктар НПК “Стайкаўскі ДСБШ”:
— Нягледзячы на тое, што з дня трагедыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло ўжо чвэрць стагоддзя, памяць аб гэтым у нашых сэрцах і душах не згасае. Жудасна, што ў “юбілейны” год чарнобыльскай трагедыі падобная катастрофа адбылася ў Японіі.
Наш населены пункт па забруджанасці лічыцца зонай перыядычнага кантролю радыёнуклідамі. У сувязі з гэтым нашы школьнікі, а гэта вучні 1 — 4 класаў, штогод адпачываюць, папраўляюць сваё здароўе ў санаторыях Беларусі за дзяржаўны кошт. Дзеткі атрымліваюць бясплатнае харчаванне, вітаміны.
На занятках па здаровым ладзе жыцця, інфармацыйных гадзінах настаўнікі расказваюць рабятам аб чарнобыльскай трагедыі, вучаць, як трэба правільна харчавацца, выконваць правілы асабістай гігіены.
Шэраг мерапрыемстваў мы падрыхтавалі і непасрэдна да Дня чарнобыльскай трагедыі. Гэта і інфармацыйныя гадзіны, і тэматычныя ўрокі, а таксама выстава літаратуры, конкурс дзіцячых малюнкаў “Чарнобыль вачамі дзяцей” і іншае.
В.С. ПАНУШКОЎ, дырэктар ліцэя №15:
— Дата 26 красавіка заўсёды навявае сумныя ўспаміны. На той час я з сям’ёй жыў і працаваў у Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці, які асабліва пацярпеў ад аварыі. У першыя дні пасля трагедыі мне давялося бываць і ў Брагінскім раёне, адкуль мы эвакуіравалі жывёлу ў сваю гаспадарку, якую я ўзначальваў. Успаміны ад убачанага — не самыя прыемныя.
…Гаспадарку, дзе я працаваў, расфарміравалі, шэраг вёсак быў пахаваны. Зразумела, шкада было ўсяго гэтага, але час лечыць. Вырасла новае пакаленне людзей, дзякуючы намаганням дзяржавы, рэалізацыі адпаведных праграм землі, якія раней былі выведзены з севазвароту, практычна ўсе рэаніміраваны, гаспадаркі ўзбуйнены, людзі працуюць, займаюцца сельскай гаспадаркай. Да іх прыязджаюць дзеці, унукі. Прыязджаюць і аматары палявання, рыбалкі і проста жадаючыя адпачыць на ўлонні прыроды. Я і сёння падтрымліваю сувязь з людзьмі, з якімі там працаваў, наведваю стаўшыя роднымі за 19 год работы мясціны.
…Жыццё працягваецца. Няхай сёлетняя і ўсе наступныя вёсны нясуць людзям радасць і надзею на лепшае, а чарнобыльская трагедыя заўсёды будзе напамінам аб тым, што ўсе мы ў адказе за тое, што адбываецца на Зямлі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.