«Каб не было позна…»

Пад такой назвай у №23 “Кіраўца” ад 22 сакавіка бягучага года быў апублікаваны крытычны матэрыял, у якім ішла гаворка аб праблеме кінутых дамоў: яны прыйшлі ў заняпад, зямельныя ўчасткі пазарасталі пустазеллем… Да таго ж многія кінутыя дамы з’яўляюцца небяспечнымі з-за сваёй драхласці.
За каментарыямі газета звярнулася да старшыні раённага Савета дэпутатаў Н.А.Каранкевіч. Яна паведаміла: “У 2010 годзе дэпутатам раённага Савета дэпутатаў было даручана абследаваць горад па сваіх акругах і выявіць пустуючыя домаўладанні, іх гаспадароў. Дэпутаты выявілі такія аб’екты, устанавілі іх уладальнікаў. Спісы дамоў і ўладальнікаў перададзены ў землеўпарадкавальную службу райвыканкама. У выніку сустрэчы прадстаўнікоў гэтай службы з гаспадарамі кінутых дамоў вырашана, што апошнія будуць праводзіць іх рамонт, добраўпарадкоўваць тэрыторыю. У маі 2011 года паўторна будзе праведзена абследаванне гэтых домаўладанняў. У выпадку невыканання дадзеных абяцанняў да домаўладальнікаў будуць прыменены меры адміністрацыйнага ўздзеяння.”.
Каментарыі таксама даў начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама У.Я.Ласякоў: “Нашай службай прымаюцца неабходныя меры па навядзенні парадку на пустуючых землях, тэрыторыях кінутых домаўладанняў. Так, за 2005 — 2010 г.г. было выяўлена 863 га пустуючых зямельных участкаў, якія перададзены на баланс сельгасарганізацый раёна для вядзення на іх таварнай сельскай гаспадаркі.
Згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006 г. №70 “Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці” ў раёне камісійна абследаваны ўсе пустуючыя дамы (157 адзінак). Іх гаспадарам выдадзены прадпісанні аб навядзенні парадку альбо зносу ўсіх пабудоў. Па матэрыялах, накіраваных у суд, 92 домаўладанні прызнаны безгаспадарнымі, на дадзены час 81 з іх знесена.
У г.Кіраўску на ўліку 9 згарэўшых домаўладанняў. У гэтым годзе большая частка з іх будзе адноўлена гаспадарамі. 2 домаўладанні не маюць гаспадароў (памерлі), а нашчадкі яшчэ не ўступілі ў правы.”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.