Каб правесці сяўбу ў аптымальныя тэрміны

Прыказка «Сей у гразь — будзеш князь!» як ніколі актуальная зараз. Вільгаць яшчэ не паспела сысці з палёў. А час для сяўбы наспеў. Актыўна ўключыліся ў веснавыя работы і земляробы ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Тут выбіраюць участкі, якія “падышлі” для сяўбы.

На здымку: сёлетняя пасяўная кампанія — адзінаццатая ў працоўнай біяграфіі Уладзіміра Комара.

Учора магутны “Атлес” з прычапным агрэгатам “Рабе” працаваў пазменна на палях каля Малінаўкі і Кострыч — там, дзе глеба падсохла больш. Гэта пастаянны сейбіт прадпрыемства — вопытны і адказны Уладзімір Комар засяваў участкі аўсом. Для яго гэта 11-ая пасяўная кампанія. Увечары яго замяняе за рулём Аляксандр Тылінскі, які працуе да рання.
На загрузцы насення заняты Юрый Ільінчык. Яравымі збожжавымі ў гаспадарцы неабходна засеяць звыш тысячы гектараў. Пакуль спраўляюцца з дапамогай адной сеялкі, але пры неабходнасці гатовы падчапіць пасяўны агрэгат механізатар Уладзімір Грамыка.
Усе работы вядуцца ў комплексе. Апрацоўвае глебу культыватарам Пётр Барысёнак, мінеральныя тукі ўносіць Пётр Цалко. Сяргей Чудапал падсявае канюшыну — на яго рахунку ўжо 300 га.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.