Каб у «Ніве» каласілася ніва

Нарэшце ўсе сельгаспрадпрыемствы змаглі ўключыцца ў веснавую сяўбу. Два дні таму вывелі ў поле пасяўныя агрэгаты і земляробы СВК “Калгас “Ніва”. Мясцовыя глебы ва ўсе часіны адрозніваліся тут своеасаблівай складанасцю ў плане пераўвільготненасці, асабліва калі надыходзіў час яравой сяўбы. Не стала выключэннем і бягучая вясна: тэхніка даволі працяглы час не магла “ўлезці” ў поле. Але, як гаворыцца, працэс пайшоў…
На здымку: ходам сяўбы ў механізатара У.М.Лебедзева цікавіцца старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.П.Ставер.

Пазаўчора два магутныя трактары з сеялкамі “Рабе” завіхаліся адразу на двух участках гаспадаркі. Першай культурай, насенне якой легла ў яшчэ глеўкаватую зямлю, стала яравая пшаніца.
Сяўба даручана выключна вопытным і адказным механізатарам. На “Беларусу-3022” пазменна шчыруюць Уладзімір Лебедзеў і Аляксей Бандарэнка, а на “Атлесе” змяняюць адзін аднаго за рулём Анатоль Губараў і Аляксандр Петранкоў.
Працуюць сейбіты круглыя суткі, бо патрэбна паспець своечасова засеяць толькі збожжавымі і зернебабовымі каля 1 тысячы га. А яшчэ кукуруза, цукровыя і кармавыя буракі. Больш таго, у размове з намі старшыня гаспадаркі І.У.Рыняк не ўтойваў жалю, што давядзецца перасяваць яшчэ і некаторыя плошчы, занятыя з восені азімымі, у прыватнасці, ячменем. Снег рана сышоў з участкаў, і маразы зрабілі сваю злую справу — пашкодзілі пабегі раслін.
Таму ніваўцы выкарыстоўваюць любую пагодную хвілінку, каб выканаць неабходныя работы своечасова. Вядуць іх у комплексе. Рыхтуюць культыватарамі глебу пад сяўбу Уладзімір Лукановіч, Уладзімір Белаглазаў, Валерый Кухарэнка.
Сёлета гаспадарка набыла ўніверсальны энергетычны механізаваны сродак “Раса”. Такая машына для мясцовых палёў была проста неабходна. З яе дапамогай удалося значна раней распачаць уносіць на палі хімікаты. Зараз Васіль Архіпенка на “Расе” вядзе падкормку азімых. Акрамя таго, поўнасцю падкормлены травы на сенакосах і пашах. На ўнясенні мінеральных тукаў працуюць таксама Віталь Ерамееў, Алег Стальмакоў.
Поўнасцю вывезена і ўнесена на палі нарыхтаваная арганіка. На гэтых работах заняты Аляксей Макаронак, Мікалай Бандарэнка, Сяргей Гушчын, Віталь Мялешкін, на пагрузчыку працуе Віктар Багданаў.
Усе ўмовы для плённай працы для работнікаў створаны. А яны шчыра працаваць і ўмеюць, і робяць гэта.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.