Месячнік па добраўпарадкаванні: датычыцца кожнага з нас!

Вось ужо распачаўся другі веснавы месяц, халады паступова адыходзяць, уступаючы месца цёпламу сонейку, пад яго промнямі снег амаль знік, агаліўшы сям-там кучы смецця, рэшткі лістоты і іншыя непрывабныя карціны. Значыць, наспеў час навесці чысціню і парадак паўсюдна: на вытворчых і замацаваных за прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі тэрыторыях, у прыватным сектары, каб было радасна на душы не толькі ад веснавога абнаўлення прыроды, але і ад прыгажосці і ўтульнасці, створаных уласнымі рукамі. Прычым рукамі кожнага з нас, бо да справы навядзення парадку павінны мець дачыненне ўсе жыхары раёна, абыякавасць тут недапушчальная. Недастаткова толькі лічыць сябе культурным чалавекам, трэба, каб нашы штодзённыя паводзіны адпавядалі гэтаму.
Як паведамлялі мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, згодна рашэння раённага Савета дэпутатаў, з 20 сакавіка па 20 красавіка ў раёне аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы горада і сельскіх населеных пунктаў. Многія працоўныя калектывы, прыватныя домаўладальнікі актыўна ўключыліся ў яго, у пятнічны санітарны дзень паўсюдна праводзілася ўборка тэрыторый. Відавочная тэндэнцыя да павышэння культурнага ўзроўню насельніцтва: менш смецця бачым на вуліцах, прыдарожных палосах, у лясах, для большасці жыхароў навядзенне чысціню і парадку становіцца нормай жыцця, незалежна ад таго, праводзіцца афіцыйная акцыя накшталт месячніка ці не.
Але не ўсе яшчэ “раскачаліся” ў гэтым плане, і ў гэтым пераканаў аб’езд вуліц горада, сельскіх населеных пунктаў. Ёсць яшчэ час уключыцца ў работы, чаму паспрыяе і правядзенне 9 красавіка раённага суботніка, а ў наступную суботу — рэспуб-ліканскага.
Нагадаю, што згодна “Санітарных правілаў утрымання тэрыторый”, домаўладальнікі і арандатары індывідуальных жылых дамоў абавязаны: падтрымліваць чысціню і парадак на прысядзібным участку і прылягаючай да домаўладання тэрыторыі да восі праезнай часткі вуліцы па ўсёй даўжыні ўчастка, а незабудаванай тэрыторыі — на адлегласці 25 метраў ад мяжы ўчастка; не дапускаць захоўвання дроў, торфу, будматэрыялаў, транспартных сродкаў і механізмаў на прылягаючай да дамоў тэрыторыі; своечасова вывозіць ва ўстаноўленыя месцы бытавыя адходы; не спальваць іх на тэрыторыі зямельных участкаў, размешчаных у рысе населенага пункта; не мыць аўтатранспарт на вуліцах, каля водаразборных калонак, вадаёмаў і ў іншых месцах агульнага карыстання.
Згодна арт.21.14 Кодэкса РБ “Аб адміністрацыйных правапарушэннях” за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў прадугледжана: за загруваджванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых земляў агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі — накладанне штрафу ад трох да пяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад пяці да дзесяці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад дзесяці да дваццаці базавых велічынь.
За парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў прадугледжана накладанне штрафу ў памеры ад пяці да дваццаці пяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад дваццаці да ста базавых велічынь.
Але хацелася б бачыць разуменне важнасці і неабходнасці навядзення чысціні і добраўпарадкавання з боку ўсіх без выключэння, каб штрафныя санкцыі прымяняць не прыходзілася.
Давайце зробім наш горад і сельскія тэрыторыі яшчэ больш прыгожымі, добраўпарадкаванымі дзеля нашага ж камфорту!
Іван БЯРЖАНІН,
начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.