На шлях выпраўлення стаць ніколі не позна

У раённым аддзеле ўнутраных спраў адбылася чарговая сустрэча прадстаўнікоў раённай улады, праваахоўчых органаў, грамадскасці з асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, з мэтай аказання ім канкрэтнай дапамогі.
Начальнік РАУС А.В. Шункевіч коратка ахарактарызаваў крымінагенную сітуацыю, склаўшуюся ў апошні час у нашым рэгіёне, і ўплыў на яе той катэгорыі насельніцтва, для якой арганізуюцца такія сустрэчы. Зараз у раёне пражывае 100 асоб, якія адбывалі тэрмін пазбаўлення волі.
Многае робіцца, каб дапамагчы такім людзям не згубіцца, самарэалізавацца, адзначыла намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова. Аказанне матэрыяльнай і псіхалагічнай дапамогі, садзейнічанне ў працаўладкаванні, пастаянны кантроль за іх паводзінамі — тыя пытанні, якія пастаянна ў полі зроку сацыяльнай службы, праваахоўчых органаў.
Пэўная колькасць вярнуўшыхся з месцаў пазбаўлення волі знаходзіць у сабе сілы, каб стаць на шлях выпраўлення. У многім ім дапамагаюць іх родныя і блізкія.
Але большасць нідзе не працуе і нават не прыкладае ніякіх намаганняў, каб уладкавацца на работу. Хаця выдзяляецца браня для іх працаўладкавання, пры пастаноўцы на ўлік па беспрацоўі — выплачваецца дапамога. Пры жаданні, яны могуць атрымаць пэўную спецыяльнасць на курсах падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі.
Летась, напрыклад, з месцаў пазбаўлення волі вярнулася 25 чалавек, з іх працаўладкаваліся толькі 8. Двое прымалі ўдзел у грамадскіх работах.
З такімі асобамі “няньчацца” ўсе: старшыні сельсаветаў, грамадскасць, за кожным з іх замацаваны работнік органаў унутраных спраў. Але чакаемых вынікаў пакуль няма. Многія па-ранейшаму вядуць разгульны лад жыцця: п’янствуюць, нідзе не працуюць, жывуць, з іх слоў, на ўтрыманні бацькоў, жонак.
Да такіх будуць прымяняцца жорсткія меры ўздзеяння, заявіў намеснік пракурора В.В.Чучулін, каб нарэшце ўзяліся за розум і не псавалі жыццё іншым сваімі асацыяльнымі паводзінамі.
З кожным запрошаным на сустрэчу была праведзена гутарка. Да іх прадстаўнікі розных службаў ставіліся з увагай, давалі слушныя парады, разумеючы, што ў бяду можа трапіць кожны.
А вось некаторыя “госці” паводзілі сябе не лепшым чынам: паразвальваліся ў крэслах, перагаворваліся, аказалася, што на сустрэчу асобныя з іх прыйшлі ў нецвярозым стане, нават жанчыны. Няўжо нічога ім у жыцці не боязна: выпіў чарку — і дзень свабодны? А аб тым, як іх накарміць, апрануць, працаўладкаваць, няхай думаюць іншыя? Толькі ж так доўга працягвацца не будзе. Кожны з іх — дарослы чалавек і павінен адказваць за свае ўчынкі і паводзіны. І калі жадання стаць на нармальны шлях так і не ўзнікне, фінал — відавочны…
Таццяна БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.