Не будзьце абыякавымі да захавання сваёй маёмасці!

Крадзяжы асабістай маёмасці грамадзян працягваюць дамініраваць у аператыўных зводках раённага аддзела ўнутраных спраў. Вядома, пакутуюць гаспадары гэтай маёмасці, але практыка паказвае, што часам яны самі не надаюць належнай увагі забеспячэнню захаванасці сваіх рэчаў, ставяцца да гэтага халатна, спадзеючыся, што злодзеі абмінуць іх жыллё…
З пачатку года на тэрыторыі раёна мелі месца 14 крадзяжоў асабістай маёмасці грамадзян: у 5-ці выпадках крадзяжы былі ўчынены шляхам свабоднага доступу, у 4-х — разбіцця ваконнага шкла, у 5-ці — зрыву навяснога замка ці ўзлому замыкаючага ўстройства.
Вось некаторыя прыклады. Гр. Г. учыніў крадзеж радыятараў ацяплення, знаходзячыся ў адным з дамоў в.Валосавічы пры адсутнасці гаспадыні. У домаўладанні п.Жылічы неўстаноўленыя асобы, скарыстаўшыся тым, што дзверы незамкнуты, і няма ўвагі з боку гаспадыні, забралі грошы ў суме 650 тыс. рублёў. Яшчэ большая сума — 4 млн. 300 тыс. рублёў і 50 долараў ЗША стала здабычай злодзея ў доме в.Валосавічы, куды ён трапіў шляхам свабоднага доступу. А ў в.Асаўнік гр.К., знайшоўшы ключ ад навяснога замка аднаго з дамоў, учыніў крадзеж СD-прайгравальніка.
Хочацца запэўніць гаспадароў, што лягчэй прадпрыняць усё магчымае, каб зберагчы сваю маёмасць, чым потым адшукаць злачынцу. Не пакідайце незамкнутымі свае дамы і ў даступных месцах — ключы ад замыкаючых устройстваў.
Для ўпэўненасці ў тым, што зламыснікі не трапяць у вашы кватэру ці домаўладанне, устанавіце ахоўную сігналізацыю: у небяспечны момант туды аператыўна прыбудуць супрацоўнікі аддзялення Дэпартамента аховы. Трэба адзначыць, што за час існавання такой паслугі, крадзяжоў маёмасці з гэтых памяшканняў не дапушчана.
Не пакідайце без нагляду дачныя дамы, а калі ад’язджаеце на працяглы час, прасіце суседзяў, родзічаў, каб прыгледзелі іх. А лепш зрабіце на вокнах рашоткі.
Не стаўцеся халатна да захавання сваёй маёмасці, і яна не стане здабычай злодзеяў!
Аляксандр ВАСКОВІЧ, оперупаўнаважаны крымінальнага
вышуку РАУС.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.