Не прапівайце шчасце сваіх дзяцей…

Кожнае дзіцяці, якое з’яўляецца на гэты свет, мае права мець добрых маму і тату, быць агорнутым іх любоўю і пяшчотай. На вялікі жаль, некаторыя бацькі самі пазбаўляюць сваіх крывіначак гэтага шчасця, у пачатку жыццёвага шляху прымушаюць іх пакутваць.
У нашым раёне пражывае 63 хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта значыць, пакуль што побач з імі яшчэ ёсць самыя блізкія ў свеце людзі, але для некаторых — гэта ўжо першы крок для набыцця статусу “сацыяльны сірата”. На шчасце, калі ў бацькоў усё ж з’яўляецца жаданне ніякім чынам не дапусціць гэтага, знаходзяцца тыя, хто можа падтрымаць і дапамагчы.
Раённымі службамі распрацаваны розныя формы работы з праблемнымі сем’ямі. Аднак пастаянна адшукваюцца новыя метады дастукацца да бацькоўскіх сэрцаў, выратаваць дзіцячыя лёсы. Так, у раённым Цэнтры пазашкольнай работы ўпершыню адбыўся сход маці і бацькаў, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы альбо якім патрэбна ўжо дзяржаўная абарона. На размову з імі былі запрошаны прадстаўнікі аддзела адукацыі і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, сацыяльныя педагогі, школьныя псіхолагі, а таксама тыя, хто знайшоў у сабе сілы адмовіцца ад разгульнага жыцця, любымі спосабамі пераадолець усе магчымыя і немагчымя перашкоды, каб вярнуць сваім дзецям права жыць у шчаслівай сям’і.
Адна з матуль, набраўшыся мужнасці, расказала прысутным сваю гісторыю: «Раней я моцна выпівала. Спрабавала неяк кінуць, але не атрымлівалася, некалькі разоў кадзіравалася ад алкагольнай залежнасці, але потым зноў кідалася ў абдымкі «зялёнага змея». З-за частых п’янак страціла работу і, страшна ўявіць, ледзь не пазбавілася самага дарагога, што ёсць у маім жыцці — свайго дзіцяці. У гэты момант я набралася сіл і вырашыла: хопіць! Мая крывіначка даражэй за гарэлку, сябровак, за ўсё… Дзякуй тым, хто падтрымаў мяне і дапамог у цяжкія хвіліны!
А тым, хто яшчэ не змог пераадолець свае слабасці, параю: калі самі моцна-моцна захочаце, усё атрымаецца, вас не пакінуць, вам дапамогуць».
Распаўсюджаная прычына, з-за якой дзеці апынаюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — п’янства бацькоў. Прысутным паказалі дакументальны фільм “Свет у канцы тунэля…” аб згубным уплыве алкаголю і наркотыкаў на арганізм, далейшае жыццё і лёс чалавека. Варта заўважыць, што жудасныя кадры з фільма не могуць пакінуць абыякавымі. Так і адбылося: у вачах многіх быў сапраўдны жах. Хочацца спадзявацца, што гледачы зрабілі для сябе пэўныя вывады.
…Каб назаўсёды згубіць чалавека, яму не абавязкова трэба памерці. Людзі гінуць у віры п’янства, наркотыкаў, мінутных прыемнасцей, а за гэтым цягнецца шлейф з гора, слёз і пакут…
Не прапівайце шчасце сваіх дзяцей! Дайце ім тое, што яны заслугоўваюць: сваю моцную і шчырую любоў, пяшчоту, цеплыню, бо, як пісаў Уладзімір Караткевіч, дзеці — гэта ўсмешка Бога.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.