“Песня застаецца з чалавекам”

Пад такім дэвізам прайшоў першы этап фестывалю песні — раённы конкурс мастацкай самадзейнасці работнікаў устаноў адукацыі, прысвечаны 90-годдзю беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
На здымку: пераможца конкурсу Аксана Бокая.

Удзел у конкурсе прынялі члены прафсаюзных арганізацый школ, дашкольных устаноў, Цэнтра пазашкольнай работы, аддзела адукацыі, ветэраны педагагічнай працы.
Педагогі — людзі творчыя, таленавітыя. А, як гаворыцца, таленавітыя людзі — таленавітыя ва ўсім. Невычэрпны запас творчых сіл і энергіі іпрадэманстравалі ўдзельнікі конкурсу. Тут гучалі песні пра настаўнікаў, пра родную Беларусь, песні на беларускай мове, аўтарскія і, вядома ж, пра каханне.
Балельшчыкі ў зале атрымалі сапраўдную асалоду ад конкурсу, а вось кампетэнтнаму журы, у саставе якога былі спецыялісты аддзелаў культуры і адукацыі, было не да адпачынку. Адна справа — судзіць прафесіяналаў, «прыдзірацца» да ўсіх тонкасцей выканання, і зусім іншая, калі на сцэне — аматары, а трэба ацаніць і выкананне, і старанне, і ўменне данесці да гледачоў свае пачуцці.
У намінацыі “Вакальная група” адзначаны групы Чыгірынскай і Паўлавіцкай школ і дзіцячага садка №3, сярод дуэтаў — дуэт аддзела адукацыі ў саставе Юліі Марцючэнка і Вольгі Рымаравай. Самым маладым выканаўцам была Любоў Іванова з Цэнтра пазашкольнай работы.
Лепшымі выканаўцамі ў намінацыі “Ветэраны педагагічнай працы” прызнаны В.М.Старавойтава, Н.М.Худалей і Л.П.Лазаковіч. Адзначана аўтарская песня Л.В.Каранкевіч на словы Г.І.Спірыдонавай “Мой Кіраўск, мая родная зямля” ў выкананні групы ветэранаў педагагічнай працы. У намінацыі “Салісты” адзначаны І.Р. Рудзько з Баравіцкай СШ, Л.У.Хурсан з Любоніцкага дзіцячага садка, Л.М.Дрозд з Мышкавіцкай і В.А.Клімовіч з Любоніцкай школ.
Па аднадушным рашэнні журы пераможцай конкурсу стала А.Л.Бокая (дзіцячы садок №2 райцэнтра). Ёй жа дастаўся і прыз глядацкіх сімпатый. З песняй Тараса Дзімчука “Сердце нежное” яна будзе прадстаўляць наш раён на абласным конкурсе. Усяго ўдзел у раённым конкурсе прынялі 24 ветэраны педагагічнай працы і прафсаюзнага руху, прадстаўнікі 12-ці пярвічак. 5 ветэранаў прадставілі сваю літаратурную творчасць, 19 — мастацкую: вышыўка, шыццё, разьба па дрэве і інш.
Найбольшую колькасць работ (20) прадставілі на конкурс члены ветэранскай арганізацыі СШ №1, 8 з якіх належыць Н.У. Шкадровіч і 7 — М.Р.Юр’еву. Актыўны ўдзел у конкурсе прынялі таксама ветэраны В.М.Акулава (Чыгірынская СШ), Я.В.Герасімовіч і Л.М.Лукановіч (аддзел адукацыі), В.М.Старавойтава (дашкольная ўстанова а/г Мышкавічы), М.А. Іваніцкая (Мышкавіцкая СШ), Т.І.Куцапалава (Стаўпіцкая БШ) і інш.
Лепшыя творчыя работы ветэранаў З.Н.Уласавай, Л.М.Лукановіч, Н.У. Шкадровіч, Я.В.Герасімовіч, В.М.Старавойтавай, М.Ф.Пятрушы будуць прадстаўлены на абласным конкурсе.
Галіна РУСЕЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.