Пра злачыннасць, пажары і дзіцячыя лёсы

Чарговае выязное пасяджэнне рабочай групы райвыканкама па пытаннях прафілактыкі і папярэджвання правапарушэнняў правілаў гандлю, пажарнай і санітарнай бяспекі, парушэнняў грамадскага парадку, аховы працы, злачынстваў бытавога характару адбылося ў Паўлавіцкім сельсавеце, на базе СВК “Чырвоны баец”.
Як і заўжды, напярэдадні былі праведзены праверкі ў населеных пунктах сельсавета, аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, абслугоўвання. У іх удзельнічалі райаддзелы ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзелы адукацыі і культуры райвыканкама. Іх прадстаўнікі ў саставе рабочай групы райвыканкама завіталі да вяскоўцаў, каб разам абмеркаваць вынікі праверак, даць адказы на хвалюючыя пытанні, знайсці рашэнне наспеўшых праблем.
Падчас гутаркі асаблівая ўвага надавалася пытанням прафілактыкі злачыннасці, пажараў і сацыяльнага сіроцтва.
***
З пачатку бягучага года на тэрыторыі Паўлавіцкага сельсавета ўчынена 8 адміністрацыйных правапарушэнняў. У асноўным — гэта знаходжанне грамадзян у нецвярозым стане і распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах.
Было адзначана, што ў цэлым сітуацыя са злачыннасцю ў сельсавеце складваецца больш менш нармальна. Аднак і пракурор раёна В.А.Паршук, і начальнік РАУС А.В.Шункевіч заклікалі грамадзян быць больш уважлівымі да сябе і сваіх блізкіх, маёмасці.
***
На жаль, сёлета ў раёне трывожнае становішча з пажарамі і гібеллю ў іх людзей. Ахвярамі агню сталі ўжо 3 чалавекі.
Адзін пажар зафіксаваны і на тэрыторыі Паўлавіцкага сельсавета. У сакавіку ў Барсуках загарэўся хлеў. У выніку загінула 6 свіней. Папярэдняя прычына — выкарыстанне для абагравання лямпы напальвання.
Большая частка агнявых трагедый адбываецца ў жылым сектары. З мэтай іх прафілактыкі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях рэгулярна абследуюць домаўладанні грамадзян. Сёлета па выніках абследаванняў 13 жыхароў Паўлавіцкага сельсавета былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Начальнік райаддзела Д.А.Рошчын спрабаваў пераканаць вяскоўцаў, што мэта выратавальнікаў-пажарных не ў тым, каб скласці як мага больш пратаколаў і навыпісваць штрафаў. Галоўнае — не дапусціць бяды, бо нават маленькая і зусім непрыкметная шчылінка ў печцы можа прынесці ў сям’ю непапраўнае гора. Асабліва зварот адрасаваўся гаспадарам мнагадзетных і сацыяльна няўдачных сем’яў, якія маюць парушэнні правілаў пажарнай бяспекі.
Было прыгадана аб неабходнасці мець у кожным жылым пакоі дома спраўны аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Гэтая дробязь здольная папярэдзіць вялізную трагедыю. І такіх прыкладаў — нямала.
Спыніліся і на актуальным на дадзены час пытанні — веснавой ўборцы прыдамавых тэрыторый. Згодна змяненняў, унесеных у Правілы пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, катэгарычна забараняецца спальваць смецце на тэрыторыях, прылягаючых да жылых будынкаў.
***
У Паўлавіцкай СШ навучаецца 144 дзіцяці, 4 з іх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Мамы і таты апошніх злоўжываюць спіртным, недастаткова ўвагі надаюць выхаванню дзяцей, вучобе, знешняму выгляду. Гэтыя бацькі, а таксама абавязаныя асобы, дзеці якіх знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні, былі запрошаны на пасяджэнне дзеля гутаркі. Аднак больш-менш асэнсаваных адказаў ад іх на пытанне: як яны мяркуюць вырашаць сітуацыю і жыць далей, на жаль, не прагучала.
Значную работу з сем’ямі праводзіць адміністрацыя Паўлавіцкай СШ сумесна з сацыяльна-педагагічнай службай. Абследуюцца ўмовы пражывання дзяцей, выкарыстоўваюцца анкетаванне і дыягностыка вучняў і бацькоў, каб выявіць, якія паміж імі ўзаемаадносіны.
Сумесна з органамі ўнутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, камісіяй па справах непаўналетніх, сельскім Саветам дэпутатаў праводзіцца мэтанакіраваная работа па выяўленні і прафілактыцы дрэннага становішча ў сем’ях. І гэтыя намаганні павінны прынесці плён.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.