Разам супрацьстаяць наркаманіі

Думаецца, ні для каго не сакрэт, наколькі сур’ёзнай праблемай для грамадства з’яўляецца наркаманія. Зараз у Беларусі зарэгістравана 14,5 тыс. асоб, якія знаходзяцца на ўліку ў медустановах па лініі наркаманіі. Аднак рэальная лічба, як вядома, ў шмат разоў перавышае афіцыйныя дадзеныя. За год ад перадазіроўкі наркотыкаў гіне каля 100 чалавек. Наркаманія — адзін са шляхоў перадачы як венерычных захворванняў, так і ВІЧ-інфекцыі.
У сувязі са склаўшайся сітуацыяй праваахоўчыя органы надаюць значную ўвагу распрацоўцы і рэалізацыі эфектыўных мер па барацьбе з наркапагрозай. Праводзіцца аператыўна-прафілактычныя мерапрыемствы ў адносінах асоб, якія займаюцца незаконным абаротам наркатычных, псіхатропных сродкаў і іх прэкурсораў”. Асаблівая ўвага надаецца тым, хто ўжо прыцягваўся да адказнасці па артыкулах Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць пакаранне за выраб, перапрацоўку, захоўванне, перавозку ці перасылку наркотыкаў, псіхатропных сродкаў і іх складаючых. На працягу сакавіка работнікі міліцыі неаднаразова наведвалі такіх грамадзян па месцы іх жыхарства, праводзілі гутаркі як з імі, так і іх родзічамі, суседзямі з мэтай недапушчэння злачынстваў і правапарушэнняў, звязаных з наркотыкамі.
Нядаўна ў актавай зале РАУС была праведзена сустрэча з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама, міліцыі, райбальніцы, на якую былі запрошаны асобы, што асуджваліся за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркатычных сродкаў. Старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролю и супрацьдзеянню гандлю людзьми С.Д.Лыбзікаў нагадаў ім аб адказнасці за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. А пакаранне, дарэчы, прадугледжана законам жорсткае: пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Асабліва строгаму пакаранню падвяргаюцца тыя, хто збывае наркотыкі ў школах і іншых установах адукацыі, месцах правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў.
Намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова нагадала аб складанай дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, падкрэсліўшы, шторазам з алкагалізмам не менш адмоўна ўплывае на яе і наркаманія. “Дзякуючы” распаўсюджвальнікам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў пад ударам аказваюцца іншыя, і, самае галоўнае, пераважна моладзь. А менавіта моладзь — будучае нацыі.
Наогул мэтай мерапрыемства было не толькі папярэдзіць правапарушэнні і злачынствы, але і аказаць асобам, якія асуджваліся за ўказаныя злачынствы, прававую і іншую дапамогу ў вырашэнні сацыяльных праблем. У прыватнасці, працаўладкавання. Якім чынам можна гэта зрабіць, растлумачыла загадчык сектара занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Н.А.Хахол. Многія з прыйшоўшых на сустрэчу на сённяшні дзень нідзе не працуюць, а некаторыя нават і не імкнуцца да гэтага. У сваю чаргу, такі лад жыцця можа падштурхнуць на новае злачынства.
Медсястра псіханаркалагічнага кабінета райбальніцы Т.У. Рымарава прапанавала запрошаным дапамогу медыцынскага профілю, псіхолага, калі ў гэтым маецца патрэба.
Можна сцвярджаць, што такія сустрэчы дадуць свой плён. Для таго, каб спыніць негатыўныя тэндэнцыі, важна не толькі ведаць закон, але і захоўваць яго, памятаць аб тым, што пакаранне за яго парушэнне непазбежнае. Праводзімая прафілактычная работа прымушае ўсіх задумацца аб тым, якую шкоду для здароўя і жыцця нясе ўжыванне наркотыкаў. Але супрацьстаяць злу можна толькі агульнымі намаганнямі.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.