Службе сацыяльнай дапамогі на даму — 25 год

Словы вучонага-псіхолага С.Рубінштэйна: “Сэнс чалавечага жыцця — быць крыніцай святла і цеплыні для іншых людзей” — з поўным правам можна выкарыстоўваць у якасці дэвіза на сімвалічным прафесійным сцягу сацыяльнага работніка. Людзі гэтай прафесіі асабліва востра ўспрымаюць чужую бяду, разумеюць цяжкасці іншых, іх перажыванні, маюць вялізнае жаданне дапамагчы.
На здымку: супрацоўніцы цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: Наталля Багамолава, Маргарыта Гіраеўская і Маргарыта Шамедзька.

Яшчэ прыкладна 10 год таму не кожны дарослы мог адказаць на пытанне, хто такі сацыяльны работнік. Зараз, мяркую, пра сацыяльную службу ведаюць не толькі ветэраны альбо інваліды, але практычна кожны дарослы і нават дзеці. Мэта нашай дзейнасці — каб старасць была ў радасць. Бо чаго ад нас чакаюць састарэлыя людзі як асноўныя кліенты? Яны жадаюць, каб аб нецярплівых клапаціліся цярпліва, аб бездапаможных — клапатліва, аб раздражняльных — тактоўна, аб крыўдлівых — з разуменнем, аб грубых — вытрымана, аб патрабавальных — далікатна. Менавіта так сябе і паводзяць работнікі сацыяльнай службы. Дарэчы, для нас — гэта не столькі прафесія, колькі стан душы.
У кожнага ў жыцці сваё прызванне. Яго не выбіраюць, гэта даецца звыш. Наша праца патрабуе шмат душэўных сіл, высокага прафесіяналізму, добразычлівасці, працавітасці, спагадлівасці. У працэсе дзейнасці нам даводзіцца сутыкацца з разнастайнымі жыццёвымі праблемамі. Дапамагчы іх вырашыць альбо проста падтрымаць людзей — у гэтым і заключаецца гуманная спецыфіка і асноўная складанасць сацыяльнай работы. Да людзей, асабліва састарэлых, трэба ставіцца беражліва, каб, у першую чаргу, не параніць іх душы.
У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе 52 спецыялісты, 49 з іх — сацыяльныя работнікі. На надомным абслугоўванні знаходзіцца 327 грамадзян пенсіённага ўзросту, у тым ліку 7 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 4 інваліды вайны, 31 інвалід І і ІІ груп.
Штомесяц спецыялісты аддзялення і сацыяльныя работнікі выяўляюць і прымаюць на надомнае абслугоўванне ў сярэднім па 10 — 12 пенсіянераў і інвалідаў. Ім прадастаўляюцца комплекснае абслугоўванне і дадатковыя сацыяльныя паслугі, якія не ўваходзяць у спіс бясплатных і агульнадаступных.
Спецыялісты аддзялення і сацыяльныя работнікі прымаюць актыўны ўдзел у прафесійных раённых і абласных мерапрыемствах. У штогадовым абласным аглядзе-конкурсе “Лепшы па прафесіі” сацыяльныя работнікі нашага аддзялення заўсёды займаюць прызавыя месцы. Летась Н.І.Ждановіч з а/г Любонічы заваявала ганаровае другое месца.
Інспектар па асноўнай дзейнасці Н.В.Багамолава за добрасумленную працу, актыўны ўдзел у рабоце па сацыяльнай абароне насельніцтва. ўзнагароджана Ганаровай граматай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама.
Сацыяльны работнік в.Пацава Слабада Л.Р.Клімовіч па выніках раённага спаборніцтва за мінулы год стала пераможцай у намінацыі “Лепшы па прафесіі”.
Шчырыя словы ўдзячнасці за добрасумленную самаадданую працу хочацца выказаць усяму нашаму калектыву, кожны з яго работнікаў гэтага заслугоўвае!
Маргарыта
ГІРАЕЎСКАЯ,
загадчыца
аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму раённага цэнтра
сацыяльнага
абслугоўвання
насельніцтва.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.