Сяброўству нашаму — мацнець!

Амаль 15 гадоў працягваецца сяброўства Кіраўскага і Белгародскага раёнаў аднайменнай вобласці суседняй дзяржавы.
На здымку: кіраўчане — каля Вечнага агню на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Партызанская паляна» на Браншчыне.
Абмен дэлегацыямі кіраўнікоў і прадстаўнікоў працоўных калектываў, удзел дэлегацыі Белгародскага раёна ў ІV Міжнародным інвестыцыйным форуме “Магілёўская вобласць — тэрыторыя адкрытага супрацоўніцтва”, у абласным турыстычным кірмашы “Прыдняпроўе”, абмен дзіцячымі творчымі калектывамі падчас летніх канікулаў з мэтай адпачынку і аздараўлення, сяброўскія сустрэчы на спартыўных пляцоўках — вось некаторыя сумесныя праекты і мерапрыемствы на ўзроўні рэгіёнаў дзвюх дзяржаў.
А на працягу апошніх пяці гадоў цесныя кантакты наладжаны кіраўчанамі з Бранскай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй. Прадстаўнікі навучальнай установы прымалі ўдзел у рэспубліканскім семінары, арганізаваным на базе Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа, на тэму “Бесперапынная інтэгрыраваная сістэма прафесійнай адукацыі па спецыяльнасці “плодаагародніцтва”. Многія жыхары нашага раёна з’яўляюцца студэнтамі вочнага і завочнага аддзяленняў Бранскай сельгасакадэміі.
У 2009 годзе, аб’яўленым у нашай краіне Годам роднай зямлі, пералік добрых і карысных спраў, рэалізаваных сумесна з расіянамі, папоўніла знамянальная акцыя: у гарадскім скверы ў цэнтры Кіраўска была закладзена Алея Дружбы ў гонар супрацоўніцтва паміж кіраўчанамі, белгародцамі і бранчанамі. Удзел у акцыі прымалі дэлегацыі з Белгародскага раёна і Бранскай сельгасакадэміі. Госці прывезлі на беларускую зямлю саджанцы дуба, ліпы і рабіны, якія занялі дастойнае месца на Алеі Дружбы. У адказ кіраўчане перадалі ім саджанцы фруктовых дрэў, якія былі вырашчаны ў пітомніку Жыліцкага сельгаскаледжа.
Актыўны ўдзел у акцыі прыняў В.М.Іваноў, які на той момант займаў пасаду намесніка старшыні Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а зараз намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У свой час ён, узначальваючы Кіраўскі раённы выканаўчы камітэт, унёс важкі ўклад у развіццё супрацоўніцтва з Белгародскім раёнам.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.