Сяўба набірае абароты

У СВК “Калгас “Беларусь” пазаўчора пачалася сяўба яравых культур. Тыя клопаты, якімі земляробы жылі дагэтуль, былі накіраваны менавіта на падрыхтоўку да яе. Яшчэ з восені ўзнялі на ўсіх палях зябліва, унеслі ўгнаенні, падрыхтавалі глебу. І вось нарэшце адпраўлены на палеткі пасяўны агрэгат.
На здымку: Генадзь Волас.

Удзельнікаў пасяўной кампаніі сельгаспрадпрыемства мы сустрэлі за вёскай Мазураўка. Праўда, было іх толькі двое. Памятаецца, раней, калі пачыналася сяўба, у любой гаспадарцы на палях была безліч і людзей, і тэхнікі. Але тэхнічны прагрэс, які, як вядома, не стаіць на месцы, дазваляе ў істотнай меры эканоміць на колькасці рабочай сілы, сельгасмашын, паліве. Адзін магутны трактар і адна сучасная сеялка замяняюць некалькі адзінак ранейшых машын і агрэгатаў.
Вось такі трактар — “Беларус-3022” — з пасяўным агрэгатам АКПМ-6, нягледзячы на свой вялізны памер, імкліва імчаў па палявой прасторы, пакідаючы за сабой роўнядзь засеяных насеннем радкоў. Гэта адзін з вопытных і найбольш адказных механізатараў гаспадаркі Генадзь Волас умела кіруе сельгасмашынай. За першы пасяўны дзень ён засеяў лубінам 30 гектараў пры дзённай норме 14 га.
Дастаўляе зерне ў поле і загружае яго ў бункер Валерый Трушкін. У абодвух механізатараў выдатны настрой, а з такім настроем, як адзначылі самі, і працаваць лягчэй.
Усе занятыя на палявых работах забяспечаны гарачымі абедам і вячэрай, спецвопраткай, ведаюць расцэнкі за працу, а яны, дарэчы, высокія — ёсць магчымасць добра зарабіць, калі, вядома ж, пастарацца.
Акрамя сяўбы вядуцца ў “Беларусі” іншыя работы. На культывацыі заняты Рыгор Сцяпанаў. Апошні працягвае апрацоўваць глебу, але гатовы пры неабходнасці падчапіць да трактара дадатковую сеялку “Рабе”. Сяргей Халенка ўносіў мінеральныя тукі пры дапамозе ўніверсальнага энергетычнага механізаванага сродка “Раса”, які дазваляе дабрацца нават да грузкіх месцаў. Зараз механізатар падкармлівае хімпрэпаратамі азімыя, сенакосы і пашы. Тукі таксама ўносяцца з дапамогай агрэгата “Аксіс”, выконвае работу Юрый Бялянаў. Акрамя таго пад кукурузу ўнесена 7 тыс.т арганікі. Сяўба набірае абароты…
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.