Трагедыя ў Мінску адгукнулася болем у сэрцах кіраўчан

Выбух, прагучаўшы 11 красавіка ў Мінскім метрапалітэне, сваёй варварскай, бесчалавечнай сутнасцю ўскалыхнуў беларускую і ўсю сусветную грамадскасць. Адбыўшаяся ў беларускай сталіцы трагедыя і яе наступствы нікога не пакінулі абыякавымі, у тым ліку і жыхароў раёна.
Н.А.КАРАНКЕВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
— Трагічная падзея, якая адбылася ў Мінску, не паддаецца ніякай логіцы, ніякаму здароваму сэнсу. Я спачуваю ўсім, у чые сем’і ўварвалася гора.
У Мінску жывуць нашы дзеці, таму, як і любы чалавек, у першую чаргу, я захвалявалася пра іх. Але, дзякуй Богу, з імі нічога не здарылася. Пацярпеў ад выбуху блізкі сябар нашай сям’і. Зараз ён знаходзіцца ў бальніцы. Стан яго здароўя пакуль няважны, але спадзяемся на лепшае.
Я поўнасцю падтрымліваю пазіцыю Прэзідэнта нашай краіны ў адносінах адбыўшагася і тых, хто гэта ўчыніў. Аператыўныя дзеянні кіраўніцтва і спецыяльных службаў краіны ўсялілі ўпэўненасць у тым, што мы не адны, мы не пакінуты, не пакінуты, перш за ўсё, Прэзідэнтам і Урадам.
Гора аб’ядноўвае. І гэтая трагедыя паказала, што беларусы — адзіны народ, што мы — разам, усе — адзін за аднаго.
В.А. ПАРШУК, пракурор раёна:
— Мяне, як чалавека і грамадзяніна сваёй краіны, глыбока кранула гэтая трагедыя. Тыя, хто ўчыніў падобнае — нелюдзі, агідныя пачвары. Відаць, ім не па густу наш лад жыцця ў працвітаючай і мірнай Беларусі. Пасеяць страх і няўпэўненасць — вось іх мэта. Аднак гэтага яны не дачакаюцца, бо нават у самы жудасны момант, калі здарылася трагедыя, нашы грамадзяне не страцілі самавалодання, праявілі мужнасць, аказалі, наколькі гэта было магчыма, узаемадапамогу адзін аднаму.
Прыкладзены ўсе сілы і намаганні, каб гэта жудаснае злачынства было раскрыта, а вінаватыя: і выканаўцы, і заказчыкі — пакараны.
У гэтым напрамку зараз вядзецца актыўная работа, санкцыяніраваны шэраг мер і адпаведных мерапрыемстваў. Прыняты выключныя меры па забеспячэнні бяспекі нашых грамадзян.
В.А.ГЕРАСІМОВІЧ, старшыня ветэранскай арганізацыі Жыліцкага сельгаскаледжа:
— Нават язык не паварочваецца назваць людзьмі тых, хто ўчыніў такую жудасць. Камусьці, відаць, не падабаюцца мір і спакой у нашай краіне. Але нават калі гэты ўчынак мае палітычную падаплёку, то вырашаць пытанні трэба мірным шляхам. Нядаўна адзін з журналістаў на тэлебачанні сказаў, што заўсёды выступаў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. А цяпер прызадумаўся… Прызадумаўся і я таксама. Вось такіх вылюдкаў трэба знішчаць!..
Дзмітрый ГІРАЕЎСКІ, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама:
— Жудасная трагедыя, якая адбылася ў сталічным метрапалітэне, вядома, не пакінула абыякавым. Гэта страшна. Такога не павінна быць у мірны час, з нашымі талерантнымі, гасціннымі людзьмі, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.
Асабліва балюча, што сярод загінуўшых і пацярпеўшых ад тэрарыстычнага акта шмат моладзі.
Я рады, што, мае родныя, сябры і знаёмыя не пацярпелі, і вельмі смуткую, што, хтосьці ў той вечар не дачакаўся дадому бацькоў, дзяцей, братоў і сясцёр…
Якімі б ні былі матывы ўчыненага злачынства, яны па сваёй сутнасці не могуць мець апраўданняў, бо загінулі і паранены ні ў чым не вінаватыя людзі.
Арганізатары тэракта павінны панесці самае жорсткае пакаранне. Няхай такога больш ніколі не адбудзецца ў нашай мірнай Беларусі!
М.Ц. КАЗЛОЎ, дырэктар СШ №1 г. Кіраўска:
— Маё стаўленне да трагедыі, мяркую, такое, як і ва ўсіх. Тыя, хто ўчыніў гэта, — проста нелюдзі. Пацярпелі ні ў чым не павінныя людзі. Шкада ўсіх, асабліва моладзь, якая таксама трапіла ў гэты страшэнны горан, бо ім бы яшчэ жыць ды жыць… На шчасце, ніхто з нашых былых вучняў, якія жывуць і вучацца ў Мінску, не пацярпеў.
Наогул, тэрарызм — гэта вялікае зло, і з ім патрэбна змагацца самымі жорсткімі мерамі. У нас — спакойная краіна, мірныя людзі, а тыя, хто ўчыніў злачынства, пасягнулі на ўсё гэта, таму павінны быць пакараны.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.