У нас — агульныя інтарэсы, мінулае і будучае

Н.А.КАРАНКЕВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
— Я — расіянка, але ў Беларусі адчуваю сябе, як дома, бо практычна ўсё сваё свядомае жыццё правяла тут. Прыехала на вучобу ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў 1976 годзе, і так атрымалася, што лёс назаўсёды звязаў мяне з Беларуссю. Тут я знайшла сваё асабістае шчасце, пабудавала сям’ю. Родным горадам даўно для мяне стаў Кіраўск, тут выраслі мае дзеці, якія па праву лічаць сябе беларусамі. Наогул, я ніколі не адчувала сябе чужой на беларускай зямлі. Упэўнена, што гэта могуць сказаць усе расіяне, якія змянілі прапіску на беларускую. Мы маем тыя ж правы і абавязкі, што і карэнныя беларусы.
Калі да нас у госці прыязджаюць мае сваякі з Расіі, то па-добраму зайздросцяць таму, наколькі ў нас прыгожа, чыста і ўтульна і якія ў нас добразычлівыя людзі… Ужо тое, што я сказала не тут, а ў нас, гаворыць само за сябе. Я не адчуваю ніякай мяжы паміж Беларуссю і Расіяй; і беларусы, і расіяне — аднолькава шчырыя і адкрытыя людзі, у іх — агульныя інтарэсы, агульнае мінулае і агульнае будучае.
Таццяна ГЛУШКО, г.Санкт-Пецярбург:
— Ва ўсе часіны і ў горы, і ў радасці расіяне і беларусы былі разам. Асабіста для мяне няма ніякай розніцы паміж нашымі народамі, больш таго, я, расіянка, выйшла замуж за беларуса. Дзякуючы гэтаму мне пашчасціла неаднойчы бываць у Беларусі, у тым ліку і ў Кіраўску. Хачу адзначыць, што беларусы вельмі гасцінныя, шчырыя, добразычлівыя людзі. Я адчуваю сябе ў Беларусі вельмі ўтульна, як, дарэчы, і мой муж — у Расіі, у нашым горадзе. Мы маем агульных сяброў: і расіян, і беларусаў, у нас — агульная радня, агульныя інтарэсы і планы.
Наогул, пра Беларусь, як і пра Расію, можна гаварыць вельмі многа. Мяне, напрыклад, уразіла прыгажосць вашых лясоў, чысціня гарадоў і вёсак, зацікавіў лад жыцця вяскоўцаў, які напоўнены нацыянальнай самабытнасцю. Упэўнена, што ніякія межы не стануць перашкодай на шляху сяброўскіх зносін нашых народаў, бо сувязь расіян і беларусаў — наканавана лёсам.
Дырэктар Мышкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў У.Б.БАРЭЙША:
— Культурныя сувязі народаў Беларусі і Расіі — адвечныя і непарыўныя, маюць агульныя славянскія карані. Менавіта на прыкладзе лепшых твораў беларускіх і рускіх кампазітараў, мастакоў выхоўваем сваіх вучняў. Праз творчую дзейнасць народнага ансамбля песні “Мілавіца”, кіраўніком якога з’яўляюся, нясём культурную спадчыну абодвух братніх народаў у шырокія масы: у рэпертуары нашага калектыву нямала рускіх песень, якія, як і нашы нацыянальныя, шчыра і ўдзячна ўспрымаюцца слухачамі.
Свае асабістыя адносіны з Расіяй адлічваю з канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя, калі вучыўся ў Ленін-градскім інстытуце культуры імя Н.К.Крупскай.
Ганна БЯЛЯЎСКАЯ, галоўны бухгалтар фізкультурна-спартыўнага клуба:
— Я вучуся на другім курсе Бранскай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “Эканоміка і ўпраўленне АПК” на завочным аддзяленні. У нашай групе разам са студэнтамі-расіянамі атрымліваюць адукацыю яшчэ адна кіраўчанка — Таццяна Шчэрбіч, двое прадстаўнікоў Бабруйска і адзін гамяльчанін. Мы з Таццянай вучымся на бюджэтнай аснове.Вучоба вельмі падабаецца: насычаныя заняткі, высокакваліфікаваныя выкладчыкі, неардынарныя падыходы пры падачы вучэбнага матэрыялу. Адметна тое, што да нас — беларусаў у акадэміі ставяцца з павагай, ветліва. Прыемна, што выкладчыкі заўсёды цікавяцца, як ідуць справы, які настрой, як мы ўладкаваліся на час сесіі, ці патрэбна нам якая-небудзь дапамога і г.д.
Асаблівую гордасць адчуваеш, калі чуеш, як добра ладзяцца справы ў нашай краіне, калі Беларусь, яе палітычны і эканамічны курс ставяць у прыклад.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.