Выпальванне сухой расліннасці ЗАБАРОНЕНА!

З надыходам вясны, як правіла, узрастае рызыка ўзнікнення пажаранебяспечнай сітуацыі. І дадаюць клопатаў выратавальнікам-пажарным уладальнікі прыватных домаўладанняў, якія, прыбіраючы прысядзібныя ўчасткі, па старой звычцы спальваюць смецце. Зусім нядаўна, у №26 “Кіраўца” ад 1 красавіка, паведамлялася аб тым, што з 1 лютага бягучага года ўступілі ў сілу змяненні ў Правілы пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, згодна якіх на тэрыторыі, прылягаючай да жылых будынкаў, інтэрнатаў, гаражоў, адкрытых стаянак, гаспадарчых пабудоў, спальванне смецця катэгарычна забараняецца. Тым не менш, не ўсе грамадзяне хутка прывыкаюць да новых патрабаванняў, аб чым сведчыць пах дыму ў райцэнтры і сельскіх населеных пунктах. А хтосьці і зусім з імі не знаёміўся. Для таго, каб выявіць такіх парушальнікаў, а заадно правесці з імі тлумачальную работу, у мінулы аўторак, бліжэй да вечара, калі часцей за ўсё жыхары прыбіраюць у агародах, выехала рэйдавая група ў саставе начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама І.М.Бяржаніна, старшага інспектара інспекцыі дзяржпажнагляду РАНС В.А.Сідарава і супрацоўніка рэдакцыі А.Ф.Хахлова.На здымку: Тлумачальную работу з насельніцтвам праводзяць удзельнікі рэйду.
Доўга факты парушэння Правілаў пажарнай бяспекі шукаць не прыйшлося. Адразу дзве гаспадыні-суседкі палілі смецце ва ўласных агародах на вул.Камарова. Да надворных пабудоў ад кастроў было — рукой падаць. Убачыўшы рэйдавую брыгаду, жанчыны хуценька сталі тушыць вогнішчы. Відаць, адразу зразумелі, чаму каля іх падворкаў спынілася “Ніва” РАНС. Хаця адна з парушальніц ледзь не бажылася, што і не чула пра новыя Правілы пажарнай бяспекі. Але, як вядома, няведанне не вызваляе ад адказнасці. Усё ж карысна выпісваць і чытаць “раёнку”…
На вул.Валадарскага муж і жонка таксама вырашылі спаліць смецце і галлё, праўда, развялі вогнішча не каля дома, а на другім баку дарогі — у нізіне парка.
У блізкай адлегласці ад надворных пабудоў спальвала галлё і леташнія агародныя рэшткі пенсіянерка, якая пражывае ў адным з дамоў на 5-м завулку Чапаева. Тлумачыць, што рабіць гэтага нельга, давялося даволі працяглы час — бабуля не хацела згаджацца. Маўляў, куды дзяваць адходы? Ёй, як і іншым, параілі садовае смецце, дробнае галлё, складзіраваць на агародах пад кампост, а вялікія галіны пасекчы і спаліць у печы. Альбо можна звярнуцца ў “Жылгамгас”, каб за пэўную плату смецце вывезлі. І ні ў якім разе не паліць, бо гэта можа абысціся куды даражэй. І вялікія штрафы — гэта яшчэ не самае страшнае…
Было зафіксавана яшчэ некалькі выпадкаў спальвання смецця і галля паблізу пабудоў. На гэты раз жыхары былі толькі папярэджаны, з імі была праведзена тлумачальная работа. Але пры паўторных парушэннях ім ужо не абысціся без штрафаў. І немалых. Нагадаем, што за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на карню, а таксама сцярні і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адмістрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь (350 — 1400 тыс. руб.). За распальванне кастроў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь (420 тыс.руб.).
З цэнтра аператыўнага кіравання райаддзела МНС паступіў сігнал, што ў Кострыцкай Слабодцы ледзь не здарыўся пажар, прычынай якога магло быць спальванне травы. Рэйдавая без прамаруджвання накіравалася туды, каб высветліць сітуацыю. І сапраўды, мяркуючы па той карціне, якая адкрылася на месцы, яшчэ ледзь-ледзь, і магла здарыцца бяда. Высветлілася наступнае. Жыхар Маладзечна прыехаў да бацькі-пенсіянера, каб дапамагчы прыбраць на агародзе. Сухое батоўе, смецце, галлё вырашыў спаліць тут жа, далёка не адыходзячыся. Прыглядаючы за кастрамі, а іх было ажно тры, курыў. Сам мужчына сцвярджаў, што неасцярожна кінуў акурак і пайшоў дадому. А калі агледзеў, палыхала сухая трава. Агонь хутка дайшоў да суседскага плоту і перакінуўся на агарод. Агульнымі намаганнямі разам з суседзямі з дапамогай падручных сродкаў агонь удалося ўтаймаваць. І гэта на вялікае шчасце, бо да наворных пабудоў суседкі заставалася некалькі метраў… Выгарэў участак на плошчы прыкладна каля паловы гектара. Такая неасцярожнасць жыхару Маладзечна абыдзецца штрафам у 10 базавых велічынь. А магла абысціся яшчэ даражэй. І не толькі яму…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.