Яны былі аднымі з першых

Аварыя, якая адбылася 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, закранула лёсы мільёнаў людзей, якія пражывалі на вялізных тэрыторыях. Стварыліся новыя экалагічныя, сацыяльныя і эканамічныя ўмовы ў рэгіёнах радыёактыўнага забруджвання. Беларусь была аб’яўлена зонай нацыянальнага экалагічнага бедства. Дасюль не ўяўляецца магчымым ацаніць увесь аб’ём і наступствы чарнобыльскай катастрофы.
Тады ж, у 1986-м, мала хто разумеў, наколькі сур’ёзная і небяспечная сітуацыя склалася пасля выбуху рэактара станцыі. Тысячы людзей самых розных прафесій былі накіраваны ў 30-кіламятровую зону адчужэння для правядзення неабходных работ па ліквідацыі наступстваў аварыі. Аднымі з першых адправіліся туды супрацоўнікі міліцыі з усіх рэгіёнаў краіны. Іх першаступовай задачай было забеспячэнне аховы грамадскага парадку і правядзенне рэжымных мерапрыемстваў у зоне радыёактыўнага забруджвання.
Разам з іншымі службовую вахту неслі і супрацоўнікі нашага райаддзела міліцыі. Цяперашні старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Валерый Шахуноў, на той момант — старшы оперупаўнаважаны АБРСУ, працаваў у зоне адчужэння з кастрычніка 1986-га па сакавік 1987-га — самы працяглы час з усіх работнікаў райаддзела. Сумленна, з гонарам выконвалі службовыя абавязкі таксама Рыгор Букаты, Аляксандр Картэль, Мікалай Куляўцоў, Ігар Рудзько, Генадзь Сахар, Мікалай Гарэлік, Аляксандр Галубоўскі. Апошняга, на жаль, ужо няма сярод жывых.
Нягледзячы на небяспеку для ўласнага здароўя і нават жыцця, работнікі міліцыі рабілі ўсё магчымае для аказання дапамогі насельніцтву па эвакуацыі, змагаліся з марадзёрамі, вялі патруляванне. Яны добра ведалі, што такое радыяцыя, але зрабілі свой выбар і сумленна выканалі свой абавязак перад Радзімай.
Мікалай НАЗАРЧУК, намеснік
начальніка РАУС.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.