У чарговы раз Кіраўскі раён наведала дэлегацыя са Швецыі ў суправаджэнні спецыялістаў абкама прафсаюза работнікаў АПК.
На здымку: намеснік дырэктара ліцэя № 15 Ф.В.Старавойтава знаёміць замежных гасцей з навучальнай установай.
Супрацоўніцтва паміж прафсаюзам работнікаў АПК Магілёўскай вобласці і прафсаюзам транспартнікаў шведскага г.Бураса існуе больш 15-ці гадоў. У яго рамках аказваецца матэрыяльная дапамога ў арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей работнікаў АПК вобласці, а таксама гуманітарная дапамога сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва.
Падчас гэтага візіту на Кіраўшчыну шведы пазнаёміліся з вучэбнай і вытворчай базай ліцэя №15, дзе іх гасцінна сустрэлі хлебам-соллю. Госці нават паспрабавалі свае сілы ў ваджэнні трактароў беларускай вытворчасці, чым засталіся вельмі задаволены, а на добрую памяць атрымалі падарачныя выданні “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і кнігу-хроніку “Памяць” Кіраўскага раёна.
З падарункамі завіталі замежныя госці да дзвюх мнагадзетных сем’яў Бародзіч і Бяляўскіх з аграгарадка Мышкавічы. У сям’і Ларысы і Івана Бародзічаў выхоўваецца пяцёра хлопчыкаў, а Юрый і Наталля Бяляўскія выхоўваюць дзве дачкі і два сыны. Шведы цікавіліся ладам жыцця сем’яў, умовамі працы бацькоў, захапленнямі дзяцей.
Хоць і была паміж гаспадарамі і гасцямі моўная перашкода, але ж перакладчык, цёплыя позіркі і шчырыя ўсмешкі дапамагалі добра разумець адзін аднаго.
Добрыя ўражанні ў членаў дэлегацыі засталіся ад агляднай экскурсіі па Мышкавіцкім Доме культуры.
У праграме візіту было таксама наведванне СВК “Калгас “Беларусь”, дзе госці пазнаёміліся з арганізацыяй працы ў сельгаскааператыве. Іх цікавілі вытворчыя паказчыкі гэтай гаспадаркі, а таксама раёна ў цэлым.
— Я люблю Беларусь і беларусаў, і мне прыемна бачыць тыя станоўчыя змены, якія адбыліся ў вашай краіне з моманту майго першага візіту сюды ў 1995 годзе, — адзначыла кіраўнік дэлегацыі Сульвей Сван. — Я працую ў арганізацыі “Праект Беларусь”, з’яўляюся арганізатарам і каардынатарам гэтага праекта. Мы займаемся зборам і дастаўкай у Беларусь гуманітарнай дапамогі.
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Замежныя госці на Кіраўшчыне
Среда, 13.04.2011 10:49. Рубрика: Без рубрики