19 мая — Дзень піянерскай дружбы

У мінулым стагоддзі піянерскі рух займаў вельмі моцныя пазіцыі ў жыцці падрастаючага пакалення і грамадства ў цэлым. І ў нашы дні піянеры прымаюць актыўны ўдзел у многіх важных для краіны пачынаннях, заўсёды гатовыя стаць побач з дарослымі.
На здымку: піянеры-актывісты з дзвюх лепшых дружын раёна: імя В.А.Скварцова гімназіі г.Кіраўска
і імя А.М.Рабцэвіча СШ №1.

Піянерская арганізацыя пераадолела цяжкасці, захавала ўсё добрае і слаўнае з гісторыі савецкай піянерыі, назапасіла вопыт работы ў новых умовах, даказала, што піянерыя не была і не з’яўляецца выпадковасцю ў жыцці грамадства, што карані ў яе глыбокія, а ідэі, якія ляжаць у аснове жыццядзейнасці, — сур’ёзныя, не згубілі актуальнасці і зараз.
У цяперашніх умовах грамадскага жыцця актуальнай застаецца праблема фарміравання лідараў, якія, атрымаўшы рэальную магчымасць для развіцця лідарскіх якасцей і самарэалізацыі ў піянерскай арганізацыі, а затым у ГА “БРСМ”, у будучым маглі б узяць на сябе адказнасць у вырашэнні ідэалагічных, эканамічных, выхаваўчых задач. Трэба падтрымліваць і развіваць дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія аб’яднанні.
Дзейнасць раённай піянерскай арганізацыі наладжана па некалькіх накірунках: садзейнічанне грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і падлеткаў праз удзел у сацыяльна значных праектах; супрацоўніцтва з ГА “БРСМ” праз удзел у сумесных праектах.
Залогам паспяховай работы піянерскіх дружын з’яўляецца навучанне членаў арганізацыі. Летась у нас была наладжана работа трох школ піянерскага актыву па тэмах: “Піянерскія сімвалы і рытуалы”, “Ці магу я змяніць свет”, “Перакананні, правы і абавязкі”.
У рабят мы фарміруем актыўную грамадзянскую пазіцыю, высокамаральную культуру. Прывіваем ім такія якасці, як міласэрнасць, дабрыня, спачуванне.
Перад навагоднімі і каляднымі святамі ўдзельнічалі ў дабрачынных акцыях “Цуды на Каляды” і “Сумкі дружбы”: збіралі адзенне, цацкі, канцпрылады для выхаванцаў Лёўкавіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку.
У раёне дзейнічаюць 14 піянерскіх атрадаў “Міласэрнасць” і атрад “Валанцёры” Паўлавіцкай СШ. Яны аб’ядноўваюць у сваіх радах 250 хлопчыкаў і дзяўчынак. Піянеры шэфствуюць над ветэранамі вайны і працы. Рэгулярна праводзяць экалагічны дэсант: прыбіраюць каля брацкіх магіл, помнікаў.
У рамках традыцыйных акцый “Мой падарунак ветэрану”, “Ветэран жыве побач”, “Памяць” праводзяцца сустрэчы з ветэранамі, вязнямі, блакаднікамі. Аказваем ім дапамогу, наладжваем канцэрты, рыхтуем паштоўкі, падарункі, сувеніры.
У сёлетнім сакавіку адбыўся агляд-конкурс “Верныя піянерскім традыцыям”. Сярод 12-ці піянерскіх дружын лепшай прызнана дружына імя В.М.Скварцова гімназіі г.Кіраўска. На другім месцы — дружына імя А.М.Рабцэвіча СШ №1, на трэцім — дружына імя А.П.Гайдара Скрыпліцкай СШ. Піянерская дружына “Данка” Шалаёўскай ДССШ атрымала дыплом у намінацыі “За лепшую страявую падрыхтоўку”.
Любоў ІВАНОВА,
старшыня раённага савета ГА “БРПА”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.