8 мая — Сусветны дзень Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца

На рахунку раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, якая налічвае каля 5,5 тысячы чалавек, аб’яднаных у 37 пярвічак, шмат добрых спраў, многія з якіх сталі традыцыйнымі. Гэта святкаванне Дзён пажылога чалавека, маці, жанчын, інвалідаў. Сумесна з аддзелам адукацыі райвыканкама да Дня сям’і праводзім спартыўныя святы з удзелам мнагадзетных і прыёмных сем’яў. Нядаўна арганізавалі правядзенне акцыі “Мы пераможам тубуркулёз” пры ўдзеле маладых валанцёраў-інвалідаў групы “Кропелька святла” (кіраўнік І.І.Тарабуева) аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Нашай арганізацыяй Чырвонага Крыжа прафінансавана ў суме 1,8 млн.рублёў набыццё падзелачнага матэрыялу для забеспячэння дзейнасці творчых гурткоў цэнтра, накіраванай на сацыялізацыю маладых інвалідаў.
Плённа працуюць група маладых валанцёраў Мышкавіцкай СШ “Зялёны куток” (кіраўнік Н.П.Маісеенка), валанцёраў-пенсіянераў “Мастацтва быць здаровым” раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (кіраўнік В.М.Русецкая),
Пастаянна ў полі зроку нашага таварыства — выхаванцы раённага дзіцячага сацыяльнага прытулку ў в.Лёўкавічы, насельнікі аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў в.Хвайніца.
Штогод у раёне праводзіцца медыцынскае абследаванне насельніцтва перасовачнай дыягнастычнай станцыяй Магілёўскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа. Напрыклад, сёлета дыягностыку шчытападобнай залозы зрабілі больш 500 чалавек.
Паколькі ёсць людзі, якім патрэбна рэальная матэрыяльная падтрымка, аказваем ім гуманітарную дапамогу.
Безумоўна, у адзіночку не справіцца з тымі задачамі, якія ўскладзены на наша таварыства, таму, выконваючы сваю дабрачынную місію, цесна супрацоўнічаем з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзеламі райвыканкама, раённымі саветам ветэранаў і таварыствам інвалідаў, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, абапіраемся на дабрачынныя членскія ўзносы. І з ўдзячнасцю да людзей неабыякавых, шчырых душой і сэрцам, адзначу, што наша раённая арганізацыя пастаянна выконвае гадавыя планы па іх збору. Упэўнена, што і надалей міласэрнасць жыхароў Кіраўшчыны, іх непасрэдны ўдзел у дзейнасці таварыства Чырвонага Крыжа будуць прыносіць свой плён.
Алена
ХРЫСТАЛЮБАВА, старшыня
раённай арганізацыі
Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.