Арыентавацца на мясцовую сыравіну

Ці ведаеце вы, чый гэта брэнд — “Домашний погребок”? Думаю, не толькі ведаеце, але і не раз каштавалі розныя смачнасці з гэтага “погребка”, адрас “прапіскі” якога — ПУП “Кіраўскі кансервавы завод”. Нямала спажыўцоў яго прадукцыі не толькі ў раёне, але і за яго межамі, але ўсё ж пэўная частка выпускаемых плодаагароднінных кансерваў па розных прычынах застаецца на складах завода. Пакуль па наладжванні актыўнага “піара” прадукцыі тут не дапрацоўваюць. Як знайсці рынкі збыту, як скараціць запасы гатовай прадукцыі, што для гэтага прадпрымае кіраўніцтва, служба збыту і маркетынгу — аб гэтым ішла размова на выязным пасяджэнні райвыканкама, у рабоце якога прынялі ўдзел намеснік міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь В.Б.Каменка, намеснікі старшынь праўленняў Белкаапсаюза — М.У.Дзенісенка і аблспажыўсаюза — А.В.Седаненкаў.
Увесь разнастайны спектр кансерваванай прадукцыі (а зараз выпускаецца 64 яе віды), завадчане прадставілі на выставе-дэгустацыі, і госці маглі ў поўнай меры ўбачыць яе таварны выгляд, зрабіць вывады аб смакавых якасцях. І вывады гэтыя былі станоўчыя, тым больш, дырэктар завода Ю.І.Маскалёў прарэкламаваў прадукцыю як натуральную, экалагічна чыстую, без фарбавальнікаў і кансервантаў. Перавага і ў тым, што кансервы ў шклянай тары: адразу бачна, якой якасці яе змесціва.
Удзельнікі выязнога пасяджэння наведалі вытворчыя падраздзяленні.
У шырокім асартыменце кансерваў, выпускаемых заводам пад брэндам “Домашний погребок”, перавалодваюць фруктовыя, амаль 50% займае сокавая лінія. Для вытворчасці сокаў прадпрыемства працавала на завазных канцэнтратах, што, безумоўна не лепшым чынам уплывала на цэнавы фактар і, адпаведна, канкурэнтаздольнасць прадукцыі. Адна з галоўных стратэгічных задач, якая пастаўлена перад калектывам напярэдадні новага перапрацоўчага сезону — пераарыентавацца на выкарыстанне мясцовай сыравіны, для чаго арганізаваць актыўную яе нарыхтоўку. Балазе, сады, ягаднікі, маючыеся ў раёне, гэта дазваляюць. Што датычыцца агародніны, кіраўніцтвам завода зроблены істотныя крокі ў напрамку таго, каб у далейшым зябяспечыць вытворчасць мясцовай сыравінай: заключаны дагаворы з фермерскімі гаспадаркамі, навучальнымі ўстановамі на вырошчванне і пастаўку прадпрыемству капусты, кабачкоў, агуркоў, фасолі і іншых агароднінных культур. Для паспяховага выканання гэтай справы заводам для ліцэя №15 нават закуплена насенне. Заключаюцца дагаворы і з насельніцтвам на пастаўку пладоў і агародніны для перапрацоўкі. Уся сыравіна, безумоўна, спатрэбіцца для выканання важнай для завадчан задачы нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці і пашырэння асартыменту прадукцыі. Прычым ім прадстаіць істотна змяніць структуру вытворчасці ў бок павелічення выпуску агароднінных кансерваў.
Мяркуюць тут расшырыць выпуск запатрабаванай спажыўцамі грыбной групы, для чаго пабудаваць сваю грыбаварню.
Нарыхтаваць у сезон танную мясцовую сыравіну магчыма, але захоўваць яе нейкі час для стабільнага забеспячэння вытворчасці няма дзе: на заводзе няма для гэтага сховішчаў. Яшчэ адна задача для кіраўніцтва — прапрацаваць пытанне часовага захоўвання сыравіны на арандаваных складах.
Уявім, што ўвасабленне ў жыццё вызначаных мер па павелічэнні аб’ёмаў і пашырэнні асартыменту прадукцыі дасць свой плён. Але як дабіцца стопрацэнтнай рэалізацыі кансерваў? Нягледзячы на тое, што рост складскіх запасаў прыпынены і назіраецца станоўчая дынаміка па іх змяншэнні ў адносінах да сярэднямесячнага ўзроўню вытворчасці, усё ж па становішчу на 1 мая гатовай прадукцыі заставалася на складзе ў бягучых цэнах на 731 млн. рублёў.
Зразумела, выкарыстанне мясцовай сыравіны павысіць канкурэтаздольнасць кансерваў па цэнавым фактары. Разам з тым, разумеюць завадчане і ролю якаснага фактара, а таксама эканоміі энергарэсурсаў.
Кіраўніцтву прадпрыемства, адзначалася на пасяджэнні, варта праводзіць актыўныя рэкламныя кампаніі, каб брэнд “Домашний погребок” ведалі ўсюды, а таксама займацца прасоўваннем прадукцыі праз інтэрнэт-сайты. Сучасныя ўмовы гаспадарання дыктуюць і неабходнасць мець уласны інтэрнет-сайт з рэгулярным абнаўленнем інфармацыі аб асартыменце, кошце і асататках гатовай прадукцыі.
Станоўчы вынік павінна даць супрацоўніцтва з буйнафарматнымі сецевымі гандлёвымі аб’ектамі, супермаркетамі-дыскаўнтэрамі па пастаўках нашым заводам прадукцыі імпартазамяшчальнага асартыменту.
Не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца магчымасці рэалізацыі плода-агароднінных кансерваў праз суб’екты малога і сярэдгняга прадпрымальніцтва. Аб гатоўнасці прымаць іх для продажу насельніцтву гаварылі на пасяджэнні райвыканкама кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў, — каб толькі з імі больш актыўна працавала служба збыту і маркетынгу завода.
Значную ролю ў актывізацыі працэса рэалізацыі таго, што зроблена пад брэндам «Домашний погребок», маглі б адыграць экспартныя каналы збыту: за садзейнічаннем у арганізацыі продажу прадукцыі за межы рэспублікі кіраўчане звярнуліся да намесніка старшыні аблспажыўсаюза.
Застаецца пажадаць, каб дасягнуць найлепшых вынікаў завадчанам дапамаглі ініцыятыва, дзелавая актыўнасць і прадпрымальнасць!
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.