Будзьце гатовы! Заўжды гатовы!

21 мая ў Кіраўску прайшоў раённы злёт піянераў, на якім былі падведзены вынікі дзейнасці піянерскай арганізацыі, адзначаны лепшыя дружыны і найбольш актыўныя ўдзельнікі акцый і праектаў, вызначаны задачы на будучае. У гэты ж дзень вялікая і дружная сям’я піянераў і акцябрат папоўнілася навічкамі.
Традыцыйна злёт пачаўся ўрачыстай лінейкай каля брацкай магілы воінаў і партызан. Лідар піянерскай дружыны імя Рыгора Худалеева Паўлавіцкай СШ Настасся Балдзенка рапартавала аб гатоўнасці дэлегацый да правядзення злёту. Пад барабанны дроб піянеры дружыны імя Віктара Скварцова гімназіі, пераможцы раённага агляду-конкурсу піянерскіх сімвалаў і рытуалаў, унеслі сцяг раённай піянерскай арганізацыі.
У цэнтры ўвагі былі будучыя акцябраты з моцна зажатымі ў кулачках значкамі і без пяці хвілін піянеры з галоўнымі піянерскімі сімваламі на руках — гальштукамі, у ганаровай варце каля брацкай магілы — старшыя піянеры.
З прывітальнымі словамі да рабят звярнуліся начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Д.А.Гіраеўскі, метадыст аддзела адукацыі райвыканкама А.П.Вавілава і старшыня раённага таварыства ветэранаў Э.М.Карпук. Эма Міхайлаўна выказала ўдзячнасць юным жыхарам Кіраўшчыны за аказваемую шэфскую дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, састарэлым, адзінокім людзям, якім патрэбны ўвага і добрае слова.
Падзяліць радасць свята з рабятамі прыйшлі іх бацькі, сябры, прадстаўнікі грамадскасці.
У гэты дзень акцябратамі сталі дзесяткі рабят са школ раёна, пінерскія гальштукі ўпершыню зачырванелі на шыях у шэрагу юных жыхароў Кіраўшчыны, якія далі ўрачыстае абяцанне любіць сваю Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі, заўсёды трымацца Статута і традыцый беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Усяго ж піянерская арганізацыя раёна налічвае 2043 чалавекі.
Удзельнікі злёту мінутай маўчання ўшанавалі памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі да брацкай магілы.
У актавай зале Цэнтра пазашкольнай работы адбылася цырымонія ўзнагароджання лепшых піянерскіх дружын школ раёна па выніках дзейнасці за бягучы навучальны год. Лепшай прызнана дружына імя Віктара Скварцова гімназіі (лідар — Аксана Сурыновіч). На другім месцы — дружына імя Аляксандра Рабцэвіча СШ №1 (лідар — Вераніка Кірылава), на трэцім — дружына імя Рыгора Худалеева Паўлавіцкай СШ (лідар — Настасся Балдзенка).
Для ўдзельнікаў злёту гурткоўцы і студыйцы Цэнтра пазашкольнай работы падрыхтавалі святочны канцэрт.
Упэўнена, што юныя піянеры і акцябраты запомняць урачысты прыём у рады піянерскай арганізацыі, а іх стаўленне да вучобы, паводзіны, удзел у добрых і карысных справах будуць служыць доказам выканання дадзенага імі ўрачыстага абяцання.
Любоў ІВАНОВА, старшыня
раённага савета «БРПА”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.