Будзе дзе дзяцей «шукаць»!..

Па плошчы пасеваў сярод агароднінных культур у нашай краіне першае месца займае капуста. Яна, як вядома, валодае высокай харчовай вартасцю, з’яўляецца крыніцай неабходных чалавеку вугляводаў, бялкоў, арганічных кіслот, мінеральных солей і вітамінаў. Кожны з нас абавязкова ўжывае ў рацыёне гэтую агароднінную культуру або прадукты з яе.
У нашым раёне вытворчасць агародніны на шырокі паток пастаўлена ў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Ад яе рэалізацыі гаспадарка штогод істотна папаўняе грамадскую касу. Усяго ў адкрытым грунце агароднінныя культуры тут вырошчваюцца на 120 га. Па 40 га займаюць морква і цыбуля, 20 — сталовыя буракі. Ну, і нездарма мы завялі гаворку пра капусту. Яе вырошчваннем у гаспадарцы займаюцца пастаянна. А калі прыгадаць жарт, што дзяцей не толькі бусел прыносіць, а іх яшчэ і ў капусце «шукаюць», то на рассветаўскіх палях ёсць дзе “папрацаваць”: займае гэтая культура 40 га…
У мінулую пятніцу мы з цікавасцю назіралі за высадкай расады капусты на ўчастку недалёка ад райцэнтра ў бок Мышкавіч. Працэс даволі працаёмісты, да канчатковага выніку даходзяць праз некалькі этапаў. Мы папрасілі расказаць аб тэхналогіях вырошчвання капусты агранома-агароднінавода гаспадаркі Ігара Шчэрбіча. Нягледзячы на малады ўзрост, яму даручаны вялікі і адказны ўчастак, калі не сказаць цэлая галіна:
— Раннія гатункі капусты “рэактар” і “кевін”, — адзначыў спецыяліст, — мы высадзілі ў першых чыслах мая, а зараз прыступілі да высадкі расады капусты сярэдняй і позняй спеласці гатункаў “рамка”, “куізор”, “зянон” і “кінгстонія”. Высадцы расады папярэднічае значная падрыхтоўчая работа. Яшчэ з восені былі ўзараны ўчасткі пад капусту. Сёлета спачатку чызельным культыватарам закрылі вільгаць у глебе. Выконваў гэтую работу на К-700 Іван Салановіч. Непасрэдна перад пасадкай ён жа, але з дапамогай другога культыватара — АКШ — выраўнівае глебу. Потым з дапамогай апысквальніка “Мікасан”, да слова, шырыня захопу якога 18 метраў, другі механізатар — Аляксандр Пячонка — уносіць гербіцыд “бутызан”, абараняючы тым самым капусту ад пустазелля. Затым зноў участак выраўніваецца і закрываецца ў глебе гербіцыд з дапамогай АКШ, і ўжо толькі потым пачынаецца непасрэдна пасадка расады ў зямлю.
Працэс, дарэчы, вельмі цікавы. Расліны вырошчваюцца ў цяплічным камбінаце ў спецыяльных касетах з захаваннем адпаведных тэхналогій. Потым высаджваюцца з дапамогай агрэгата з брэндавай назвай “Ферары”. Прычэплены ён да трактара “Беларус”, кіруе якім Іван Бяляўскі. Шэсць паляводаў (па колькасці радкоў) адпраўляюць каліва за калівам у спецыяльныя адтуліны ў агрэгаце, і яны дакладна трапляюць кожнае ў сваё месца. Толькі роўненькія радочкі застаюцца за “Ферары”. Калі раптам якое з каліў аказваецца крыху прысыпанае зямлёй, яго папраўляюць іншыя паляводы, якія ідуць следам за агрэгатам. На адным гектары размяшчаецца каля 50 тысяч раслін. Падвозяць касеты з расадай на падводах Уладзімір Суханаў і Міхаіл Мірановіч. Апошні працуе, знаходзячыся на заслужаным адпачынку. Між іншым, ганаровы палявод гаспадаркі.
Далей, па ходу росту капусты, будзе забяспечаны яе паліў. Гэта дазволіць культуры расці і развівацца нават у спёку. Ну, а ўвосень настане час і збіраць ураджай — важкія, сакавітыя качаны.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.