Дэкаднік прафілактыкі пажараў

У мінулым нумары “раёнка” паведамляла чытачам аб тым, што да 19 мая ў вобласці, у тым ліку і на Кіраўшчыне, праводзіцца дэкаднік прафілактыкі пажараў у жылым фондзе. У яго межах у Дабаснянскім сельскім Доме культуры адбыўся сельскі сход, у ходзе якога жыхары сельсавета сустрэліся з прадстаўнікамі раённай улады, райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
З пачатку бягучага года ў Магілёўскай вобласці зафіксавана 444 пажары, у якіх 115 чалавек загінулі (летась — 117, у тым ліку 4 дзіцяці). Заклапочанасць выклікае тое, што ўзгаранні адбываюцца ў асноўным у жылым сектары, а ахвярамі агню часцей за ўсё становяцца грамадзяне, якія злоўжываюць спіртным. Такая сітуацыя не павінна пакідаць абыякавымі ні ўладу, ні выратавальнікаў-пажарных, ні кожнага з нас. Менавіта аб гэтым ішла размова на сходзе.
Гутарка вялася аб асноўных прычынах агнявых трагедый у прыватных домаўладаннях. Гэта няспраўнае пячное ацяпленне; злоўжыванне алкаголем, а як следства — курэнне ў ложку; састарэлая электраправодка, якая патрабуе замены. Дарэчы, на апошнюю акалічнасць была звернута асаблівая ўвага. Многія з дамоў маюць працяглы тэрмін эксплуатацыі. Пры цяперашнім даволі шырокім пераліку электрапрыбораў нагрузка на праводку, якая ўжо і без таго шмат год эксплуатуецца, значна павялічваецца. Недапушчальна выкарыстоўваць так званыя “жучкі” — некалібраваныя плаўкія ўстаўкі. У рэжыме аварыйнай работы яны не выходзяць са строю адразу, як прадугледжана, а працягваюць знаходзіцца пад напружаннем, што можа быць небяспечна.
У поўным аб’ёме правілы пажарнай бяспекі павінны выконваць гаспадары мнагадзетных сем’яў і простых, у якіх выхоўваюцца дзеці. Нельга дапускаць, каб малыя станавіліся ахвярамі агню. Напрыканцы сустрэчы быў паказаны прафілактычны відэафільм “Дзеці ў бядзе”.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.