Каб не «гуляў» ніводны кавалак зямлі

Стаяць пагодныя дзянькі, і няма ніякіх прыродных перашкод для земляробаў, каб якасна праводзіць палявыя работы. І хоць напружанасці не адчуваецца, усё ідзе па графіку, работы механізатарам хапае.
З добрым працоўным настроем праводзяць палявыя работы працаўнікі АСП “Бераснёўскі” ААТ “Бабруйскаграмаш”. Літаральна сёння завершана сяўба кукурузы. Усе 370 га засеяў Дзмітрый Мялешкін.
Актыўна вядзецца хімпраполка яравых культур. На гэтым участку старанна працуе Міхаіл Іваноў. За светлавы дзень ён апрацоўвае звыш за 60 га. А раней двойчы ўнёс хімпрэпараты супраць рапсавага кветкаеда.
На здымку: Механізатары Сяргей Міхалап і Генадзь Доўкша заняты на ворыве.
На адным з самых далёкіх участкаў гаспадаркі каля ўрочышча Канёва Ляда мы нядаўна назіралі, як з дапамогай двух трактароў з плугамі вялося ворыва. Гэты ўчастак у 15 га, які раней быў замацаваны за фермерскай гаспадаркай, да нядаўняга часу пуставаў. З пераводам яго ва ўгоддзі “Бераснёўскага” вырашылі засеяць шматгадовымі травамі. Механізатары Сяргей Міхалап і Генадзь Доўкша зааралі поле, а ўслед за імі яго засеяў Віктар Скрыпуноў.
Да слова, у гаспадарцы разворваюцца і іншыя пустуючыя ўчасткі і таксама засяваюцца шматгадовымі травамі — ніводны кавалак зямлі не павінен “гуляць”.
Паколькі зараз ідзе перыяд летне-пашавага ўтрымання жывёлы, адпаведна вядзецца догляд за пашамі, каб атрымаць ад іх найбольшую аддачу. Участкі, адведзеныя пад выпас жывёлы, своечасова падкошваюцца, а сёння механізатар Аляксандр Малашкін пачаў падкармліваць пашы мачавінай.
Не за гарамі перыяд першага ўкосу траў для ўтрымання грамадскага пагалоўя ў зімова-стойлавы перыяд. Зараз на фермах актыўна рыхтуюцца траншэі для прыёму сакавітай зялёнай масы. Паралельна даводзіцца да ладу ўся неабходная тэхніка для правядзення “зялёнага жніва”. Як адзначылі ў гаспадарцы, яе дастаткова, каб працаваць прадукцыйна і без збояў. “Армію” сталёвых коней папоўнілі дзве новыя касілкі. Чакаюць бераснёўцы, пакуль падыдзе травастой.
Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.