Кубак «Кіраўца» зноў у рассветаўцаў!

У першамайскі святочны дзень на галоўнай вуліцы райцэнтра сабраліся прадстаўнікі працоўных і вучнёўскіх калектываў, каб прыняць удзел у традыцыйным лёгкаатлетычным кросе, прысвечаным Святу працы, Дню Перамогі, на кубак раённай газеты “Кіравец” і прызы газеты “Советская Белоруссия”.
Як вядома, здаровы лад жыцця, заняткі фізкультурай і спортам дапамагаюць і плённа працаваць, і добра вучыцца, і карысна адпачываць. Таму не выпадкова, што шмат год запар у Дзень Першамая жыхары нашага раёна дэманструюць свае фізічныя здольнасці.
Першы дзень мая парадаваў па-веснавому прыемным сонечным надвор’ем, масай станоўчых эмоцый, а некаторых і доўгачаканымі спартыўнымі перамогамі.
Распачалося святкаванне ўрачыстым мітынгам. Ганаровае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена капітану каманды СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, леташняй уладальніцы кубка “Кіраўца”, Яўгену Пішчаліну.
Прысутных віталі намеснік старшыні райвыканкама В.У.Гаршкова, старшыня раённага каардынацыйнага савета старшынь камітэтаў прафсаюзаў В.У.Русецкая, галоўны рэдактар раённай газеты “Кіравец” Н.А.Хадакова, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Д.А.Гіраеўскі.
Пасля пажадання лёгкіх стартаў і паспяховых фінішаў пачаўся забег. У ім удзельнічалі 15 каманд працоўных і вучнёўскіх калектываў, сельсаветаў. Мужчыны пераадольвалі дыстанцыю даўжынёй у 2 км, жанчыны — у 1 км.
У забегах прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: ва ўзроставай катэгорыі 14 — 16 год — Іван Раташ (ДЮСШ), Уладзіслаў Бацюня (ДЮСШ), Яўген Старыкаў (Любоніцкі сельсавет), Ганна Аляксеенка (СВК “Калгас “Беларусь”), Марыя Жвырблеўская (СШ №1), Галіна Аляксеева (СВК “Чырвоны баец”); 18 — 29 год — Кірыл Сцерлінгаў (ДЮСШ), Андрэй Юшкевіч (Жыліцкі сельгаскаледж), Сяргей Андросенка (РВЭС), Святлана Грышчанка (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Вольга Дубовік (ДЮСШ), Надзея Заварніцына (СВК “Калгас “Беларусь); 30 — 44 гады — Сяргей Лыбзікаў (РАУС), Яўген Пішчалін (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Андрэй Бяляўскі (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Алена Шалыгіна (дзіцячы садок №3), Наталля Шынкевіч (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Ганна Бяляўская (ДЮСШ); 45 — 54 гады — Іван Пархамовіч (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Мікалай Галавач (ДЮСШ), Васіль Багамолаў (РАПТЗ) і Юрый Дрозд (УКП “Жылкамгас”) падзялілі паміж сабой трэцяе месца, Вера Гаўрылава (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Раіса Русецкая (РАПТЗ) і Наталля Букатая (аддзел адукацыі райвыканкама). Мужчынам, якія спрачаліся за званне лепшых ва ўзроставай катэгорыі 55 год і старэй, была прапанавана дыстанцыя ў 1 км. Перамогу святкаваў Іван Дарафей (Казуліцкі сельсавет), другім прыйшоў на фініш Валерый Буднік (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), трэцюю прыступку п’едэсталу гонару заняў Рыгор Дайнека (райпаліўзбыт).
Кульмінацыяй свята стала ўрачыстае ўзнагароджанне лідараў забегаў. Другі год запар кубак раённай газеты “Кіравец” заваёўвае каманда СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Разам з кубкам галоўны рэдактар “раёнкі” Н.А.Хадакова ўручыла пераможцам дыплом рэдакцыі, а каб яны падмацавалі свае фізічныя сілы пасля ўпартай спартыўнай барацьбы, — торт.
На другім і трэцім месцах — каманды ДЮСШ і РАПТЗ адпаведна, якія таксама атрымалі дыпломы рэдакцыі і торты ад раённага каардынацыйнага савета старшынь камітэтаў прафсаюзаў.
Трое ўдзельнікаў лёгкаатлетычнага кросу: Іван Дарафей, Яўген Пішчалін і Раіса Русецкая ў якасці асаблівых падарункаў атрымалі падпіску на раённую газету “Кіравец” на трэці квартал бягучага года.
Пераможцы і прызёры забегаў атрымалі дыпломы і прызы ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, газеты “Советская Белоруссия”.
Аднак гэта былі яшчэ не ўсе сюрпрызы для ўдзельнікаў спаборніцтваў. Райкам прафсаюза работнікаў АПК падрыхтаваў падарункі ў намінацыі “За волю да перамогі”. Імі былі адзначаны Таццяна Сакалоўская (СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага), Аляксандр Гіраеўскі (РАПТЗ) і Вікторыя Макаронак (ліцэй №15).
Шматлюдна ў гэты дзень было і каля раённага Дома культуры. Тут праходзілі святочныя мерапрыемствы для маленькіх і юных кіраўчан. Шмат хто з дзятвы з задавальненнем узлятаў угору на батутах, якія аднавілі сваю работу на дзіцячай пляцоўцы. Хтосьці катаўся на ролікавых каньках, скейтах. Тут жа побач працаваў гандаль, прадстаўлены райспажыўтаварыствам.
Цікава праходзіў фестываль дзіцячай мастацкай творчасці. У скверы сваё майстэрства дэманстравалі юныя мастакі. А на пляцоўцы перад РДК адбывалася забаўляльна-спартыўная праграма. З азартам удзельнічалі дзеці ў разнастайных конкурсах, спартыўных эстафетах, гульнях, малявалі на асфальце, танцавалі. Пераможцы атрымалі прызы. А ў перапынках паміж гэтым і рабяты, і дарослыя, якіх таксама шмат прыйшло на дзіцячае свята, заўзята апладзіравалі юным выканаўцам: дзіцячаму ўзорнаму харэаграфічнаму калектыву “Паскакушкі”, выхаванцам Кіраўскай і Мышкавіцкай дзіцячых школ мастацтваў, юным удзельнікам мастацкай самадзейнасці пры Барчыцкім, Дабаснянскім і Чыгірынскім СДК.
Тым часам на стадыёне райцэнтра праходзіла спартландыя паміж камандамі 5-х класаз СШ №1 і гімназіі горада. Ва ўпартай барацьбе перамогу святкавалі гімназісты.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ, Аляксандр ХАХЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.